Сабраныя і разважлівыя, дзе трэба - абачлівыя, дзе трэба - рызыкоўныя, пры гэтым дабрадушныя і вясёлыя, гасцінныя, дружныя, тыя, хто любіць прыроду і ўмеюць адпачываць, новазелянкоўцы нездарма выбралі сваім талісманам бычка. Яны ўзялі з яго прыклад не толькі сялянскай спакойнай лагоднасці, але і здольнасць, калі трэба, ўперціся рогам і цвёрда стаяць да апошняга, не здаючыся. І нездарма: зноў сталі пераможцамі!
На турслёте былі ўсе звыклыя конкурсы: турыстычная эстафета, спартыўнае арыентаванне, валейбол, паходная кухня, побыт, песня і насценгазета, дартс, скачкі на скакалцы і, вядома ж, любімае і шмат у чым вырашальнае лёс пастамента перацягванне ліны.
Вельмі хацеў «перацягнуць» першынство ў Зелянкоў лясгас. Гэтая каманда выступала таксама вельмі добра, ішла ў лідэрах. У фінальным перацягванні ліны былі моманты, што па некалькі хвілін стаялі на месцы: ніхто не мог дазволіць сабе здацца, а сіл цягнуць ужо не было. У ліне лясгас ўсё-ткі стаў пераможцам, але сума ўсіх балаў за конкурсы атрымалася крыху больш, чым у лідэра. У выніку лясгас заняў другое агульнакаманднае месца.
На трэцім - выдатная каманда з рыбгаса «Волма». Утульны лагер, прадуманы побыт, смачная ежа, запечаныя асятры, засмажаны на адкрытым блясе духмяны карп, весёлая каманда, прыгожыя песні, дымок вогнішча, новенькія непранікальныя для камароў палаткі - у гэтым лагеры так і хацелася застацца!.. У рыбгаса атрымалася выдатна паказаць сябе ў бытавых конкурсах, зарабіўшы першымі і другімі месцамі мінімальную суму балаў. Гэта дапамагло заняць агульнакаманднае трэцяе месца.
Сапраўдную нязломную волю да перамогі праявіла каманда ДТСААФ. Каб вы разумелі - у іх увесь калектыў на працы чалавек 10. З каго набіраць каманду - тое яшчэ пытанне. Але ўдзельнікі турслёта не наракалі, а пераўвасобіліся ў «універсальных салдат»: трэба бегчы - пабяжым, трэба ў валейбол гуляць - згуляем, трэба спяваць - ну, што ж, слухайце, калі вушы маюцца!.. Каб хоць яны і не былі ў лідэрах, але сумленна «адпрацавалі ўсю праграму», заняўшы сёмае (не апошняе!) месца.
За лідэрамі ў турнірнай табліцы ідуць ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, Запольская школа, ДТСААФ, райбальніцы і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання.
Усе пераможцы ў індывідуальным і камандным заліках атрымалі прызы і дыпломы ад упраўлення адукацыі, спорту і турызму.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

