Адукацыю Адам Іванавіч атрымаў у Горкаўскай сельгасакадэміі на гідрамеліярацыйным факультэце. Яму прысвоілі кваліфікацыю інжынера-гідратэхнікі. Першым месцам працы была пасада начальніка машына-меліярацыйнага атрада Клімавіцкай МТС.
Кваліфікаваны спецыяліст заўсёды быў запатрабаваны. Прыйшлося папрацаваць у Магілёўскай вобласці не толькі ў Клімавіцкім раёне, а яшчэ ў Кіраўскім, Касцюковіцкім і Мсціслаўскім - на розных пасадах: ад начальніка ўчастка да галоўнага інжынера і начальніка будаўніча-мантажнага кіравання. У 1968 годзе быў пераведзены на пасаду галоўнага інжынера ў Чэрвеньскім ПМК-8 трэста «Белводрэмбуд».
Гэта быў той час, калі па загаду меліярацыйна-будаўнічага ўпраўлення Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР стваралася ў Чэрвені будаўніча-рамонтная ПМК-8. На яе ўсклалі задачы па рамонце і абслугоўваннi меліярацыйных сістэм. У той час у Мінскай вобласці было толькі дзве такія арганізацыі: у Чэрвені і ў Вілейцы.
Работы хапала, - успамінае ветэран, - у рэспубліцы актыўна вялася меліярацыя зямель. Цэнтральная база ПМК-8 знаходзілася ў Чэрвені, і яшчэ два ўчасткі - у Пухавічах і ў Барысаве. Працавалі па ўсёй вобласці: падчышчалі сеткі, каналы, рамантавалі дрэнажы. Патрэбныя былі і людзі, і тэхніка. Тэхніку сталі купляць, а механізатараў няма. Спатрэбілася жыллё, каб людзі прыйшлі на працу, сродкі на яго будаўніцтва. Пачалі паступова будавацца. У першы год пабудавалі два аднакватэрных дома, 4 - двухкватэрных, далей - яшчэ два 24-х-кватэрных і 10 дамоў чатырохкватэрных. Людзі ўбачылі клопат аб паўсядзённым іх побыце, паверылі кіраўніцтву, сталі прыходзіць на працу, ведалі, што атрымаюць жыллё... Так і было.
Выкарыстаў інжынер свой вялікі назапашаны вопыт у меліярацыйным будаўніцтве, выконваліся планы, адначасова паляпшалі ўмовы працы. Пабудавалі майстэрні, лазню, сталовую, гаражы і іншыя бытавыя памяшканні. І як вынік - прадпрыемства заўсёды было ў перадавых...
Дасведчанага работніка, Адама Іванавіча, ў 1975 годзе запрасілі папрацаваць у тэхнагляд Мінскай дырэкцыі будуемых меліярацыйных аб'ектаў і прадпрыемстваў. Потым працаваў старшым інжынерам па тэхнаглядзе кіравання меліярацыі Мінскага аблвыканкама. З 1981 г. ён зноў вярнуўся ў ПМК-8 і працаваў на прадпрыемстве да выхаду на заслужаны адпачынак: прарабам, начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела.
У 1986 году ПМК-8 змяніла свой кірунак дзейнасці, перайшоўшы ў трэст «Мінскводбуд»: стала займацца будаўніцтвам аб'ектаў прамыслова-грамадзянскага прызначэння, дарожнай сеткі, аграпрамысловага комплексу і іншай дзейнасцю.
Пасля перабудовы пачаліся для ўстановы цяжкія часы. Са смуткам успамінае ветэран тыя моманты. Прадпрыемства стала развальвацца...
На пенсіі працаваў Адам Іванавіч яшчэ 4 гады. На працягу многіх гадоў узначальваў партыйную арганізацыю ПМК-8.
За добрасумленную працу ўзнагароджваўся ветэран Ганаровымі граматамі як раённай, так і абласной улады. Мае медалі «За доблесную працу ў адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», «Ветэран працы» і «100 гадоў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Выходзіў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, пра што маюцца сведчанні. Ёсць і Падзяка ад міністра меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР Уладзіміра Паўлючука.
Захоўвае Адам Іванавіч камсамольскі білет, камсамольцам стаў у верасні 1948 года. Ёсць і кніжка кандыдата ў члены Чэрвеньскага райкама КПБ.
Добра памятае Адам Іванавіч ваеннае ліхалецце. Было яму няпоўных 12 гадоў, калі пачалася вайна. Пашанцавала, што ў вёсцы не было немцаў. Але аднойчы ў 1942-м годзе каля вёскі было супрацьстаянне немцаў і партызан. Такая стральба была... Мясцовыя жыхары пабеглі хавацца, хто куды. Пабег і Адам. Куля трапіла яму ў нагу...
Да вайны скончыў Адам 4 класа. Пасля вызвалення вучобу працягнуў. Спачатку скончыў сем класаў, потым - 10. У Горкаўскую акадэмію дабіраўся пешшу. Уступныя экзамены здаў добра.
Пасля заканчэння акадэміі накіравалі ў Клімавічы. Тут і пазнаёміўся Адам Іванавіч са сваёй будучай жонкай - Марыяй Рыгораўнай. Працавала яна на чыгунцы білетных касірам, куды трапіла пасля заканчэння двухгадовай чыгуначнай школы ў Таржку. Родам яна з Віцебска. У Чэрвені працавала машыністкай у ПМК і Міжкалгасбуд.
Дзве дачкі нарадзілася ў сям'і - Валянціна і Галіна. Валянціна - лекар, жыве ў Мінску. У яе двое дзяцей: дачка і сын. Дачка Валянціны жыве ў ЗША. Сын - урач-уролаг, жыве і працуе ў Мінску. Галіна - медсястра, жыве ў Курску. У яе таксама двое дзяцей: сын і дачка.
Ёсць у Хобатава пяцёра праўнукаў: тры праўнука і дзве праўнучкі. Радуюцца Адам Іванавіч і Марыя Рыгораўна поспехам дзяцей і ўнукаў. Шмат каляровых фатаграфій ўпрыгожваюць сцены вялікага пакоя ў іх доме. Пра кожнага могуць з задавальненнем расказаць.
На падворку ў гаспадароў - поўны парадак: спеюць памідоры, атрымаўся добры ўраджай агуркоў. Шмат кветак вакол дарожкі і каля брамы. Гэта ўсё - справа рук стараннай гаспадыні. Ды і Адам Іванавіч па меры сваіх магчымасцяў дапамагае жонцы...
Віншуем Вас, паважаны Адам Іванавіч з шаноўным юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, добрага настрою і частых сустрэч з дзецьмі, унукамі і праўнукамі.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара
Раённы савет ветэранаў далучаецца да віншаванняў і жадае моцнага здароўя, шчасця, мірнага неба над галавой і больш падстаў для радасці.

