Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 841

08 Жнівень 2019

Сёння 75-гадовы юбілей адзначае Валянціна Яфімаўна Ганчарык, настаўнік фізікі з Чэрвеня

«Шчасце, калі мары спраўджваюцца», - такія словы пачула ад Валянціны Яфімаўны Ганчарык, якая ўсё сваё працоўнае жыццё аддала служэнню настаўніцкай справе - сорак гадоў выкладала ў школе адзін са складаных прадметаў - фізіку.

У школе ёй падабаліся ўсе прадметы, толькі ўсё ж перавагу аддавала дакладным навукам - матэматыцы і фізіцы. Настаўніца матэматыкі заўважыла здольнасці стараннай дзяўчыны і прапаноўвала ёй больш складаныя заданні, з якімі Валянціна з поспехам спраўлялася. У вольны час яна любіла «паламаць галаву» над задачамі па матэматыцы і заўсёды брала зборнік з сабой у дарогу. Было і яшчэ адно захапленне - кнігі. Яна нават вырашыла паступаць на бібліятэчны факультэт, куды і падала дакументы пасля заканчэння Старадарожскай школы. Яшчэ і выклік на уступныя экзамены не прыйшоў, так актыўную дзяўчыну запрасілі папрацаваць у школе, якая адкрылася ў вёсцы Шчыткавічы, старэйшай піянерважатай. І яна пагадзілася. Вырашыла, што спачатку трэба папрацаваць, а потым і прыняць канчатковае рашэнне, якую ўсё ж прафесію выбраць.

Праца захапіла. Год праляцеў непрыкметна. Дырэктар школы заўважыў яе здольнасці да матэматыкі, чарчэння і малявання і параіў паступаць у педінстытут. Пры падачы дакументаў у Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (зараз педуніверсітэт імя Максіма Танка) на фізіка-матэматычны факультэт, планавала паступаць на спецыяльнасць «матэматыка». Але тут даведалася, што на спецыяльнасці «фізіка і агульныя тэхнічныя дысцыпліны» вывучаюць машыну, трактар, матацыкл і тым, хто станоўча здаў экзамены, выдаюць правы кіроўцы. Падала дакументы на гэтую спецыяльнасць...

Пасля заканчэння інстытута ў 1967 годзе Валянціна Яфімаўна была накіравана ў Чэрвеньскі раён у Клiнокскую сярэднюю школу загадчыкам вучэбнай часткай і настаўнікам фізікі. Дырэктарам школы ў той час быў Уладзімір Мікалаевіч Ганчарык. На размеркаванні яму патэлефанавалі і пажартавалі: «Сустракай маладую настаўніцу - нявестку табе накіравалі...» І словы тыя пра нявестку апынуліся прароцкімі: у школе працаваў пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума настаўнікам працы i фiзiчнай культуры брат дырэктара - Леў Мікалаевіч. Спадабаліся адзін аднаму і праз паўгода, у снежні 1968-га пажаніліся.

Тыя гады ў Клiнокскай школе Валянціна Яфімаўна успамінае з пяшчотай, калег-настаўнікаў: Аляксея Дзмітрыевіча і Веру Сямёнаўну Бараноўскіх, Марыю Антонаўну Красоўскую, Ніну Іванаўну і Уладзіміра Паўлавіча Адамовіч, Дзмітрыя Іванавіча Сецко, Ларысу Рыгораўну і Уладзіміра Мікалаевіча Ганчарык...

у 1971 году Валянціна Яфімаўна і Леў Мікалаевіч пераехалі ў Чэрвень і сталі працаваць у сярэдняй школе №3. Тут настаўніца вывучала вопыт іншых педагогаў, стварала сваю сістэму выкладання прадмета. Праз некаторы час ёй прапанавалі ўзначаліць раённае метадычнае аб'яднанне настаўнікаў фізікі, два гады кіравала і школай маладога настаўніка.

Вучні Валянціны Яфімаўна неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых алімпіяд. Вопыт яе работы абагульняючыя на ўзроўні раёна і вобласці. Як вынік - была надрукавана брашура «Мятодыка работы па матэрыялах ХХ1V з'езда КПСС на ўроках фізікі», над якой давялося шмат працаваць.

За 23 гады працы ў СШ№3 ў Валянціны Яфімаўна было шмат выпускнікоў. З многімі з іх яна і цяпер падтрымлівае адносіны. І яны не забываюць сваю мудрую і каханую настаўніцу. Заўсёды запрашаюць яе на вечары сустрэчы, віншуюць са святамі, прыязджаюць у госці, раз-пораз збіраюцца ва ўтульнай кватэры Ганчарыкаў. Валянціна Яфімаўна паказвае фатаграфіі гэтых сустрэч, лісты і паштоўкі ад сваіх выпускнікоў. Зараз у іх усталявалася іншая форма зносін - званкі, SMS... Часам просяць яе былыя вучні дапамагчы іх дзецям «падцягнуць» веды па прадмеце, што яна і робіць з задавальненнем.

З цеплынёй успамінае дружны калектыў настаўнікаў трэцяй школы - Ніну Іванаўну Кухарэнка , Ніну Пятроўну і Уладзіміра Сямёнавіча Шмідава, Ганну Казіміраўну Корсак, Людмілу Мікалаеўну Суша, Мiру Яўсееўну Хейфіц, Бэлу Наумовну Гордан, Вольгу Сцяпанаўну Хацкевіч, Ганну Ягораўна Цішко і іншых...

Добрымі словамі ўспамінае калег з гімназіі №1, дзе ёй давялося працаваць пяць гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак.
Са сваім мужам, сябрам, паплечнікам яны пражылі больш за 50 гадоў. У студзені мінулага года яны адсвяткавалі залатое вяселле. І на заслужаным адпачынку Ганчарык не сядзяць без справы: шчыруюць на дачы, у агародзе, чытаюць кнігі, абмяркоўваюць навіны, фільмы.
Віншуем Вас, паважаная Валянціна Яфімаўна з асабістым святам. Жадаем моцнага здароўя, шчасця, цудоўнага настрою і зносін з былымі вучнямі і сябрам.

Таццяна Марцьянава. Фота аўтара і з архіва сям'і Ганчарык

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць