Нашу каманду прадстаўлялі самыя спартыўныя, самыя актыўныя і самыя пазітыўныя маладыя людзі самых розных сфер дзейнасці: ад учарашніх выпускнікоў да лекараў і інжынераў. Капітанам быў першы сакратар райкама БРСМ Павел КЛЫНДЗЮК.
Чэрвенцы годна выступілі ва ўсіх відах. У некаторых, напрыклад, у перацягванні ліны, нашым не было роўных. У выніку мы ў агульнакамандным заліку апынуліся за крок ад п'едэстала, што з 23-х пазіцый, пагадзіцеся, вельмі добра.
Турслёт праходзіў не толькі пад эгідай БРСМ. Усе дыпломы і падарункі за другія і трэція месцы ў індывідуальным і камандным заліках прадаставіла аб'яднанне прафсаюзаў.
Першае месца і залатыя медалі «Васількова вянка» павезла з сабой каманда Мінскага раёна. На другім месцы Клецк, на трэцім - Салігорск. Гэта вельмі моцныя каманды, у якіх нямала тытулаваных спартсменаў. Яны выступалі сумленна і прыгожа, выйграўшы свае ўзнагароды ў сапраўднай спартыўнай барацьбе.
Заключным конкурсам турслёта старшыня абкама БРСМ Кірыл Шык абвясціў спаборніцтва на лепшую ўборку тэрыторыі свайго лагера. Лес пасля маладых турыстаў апынуўся ў некаторых месцах нават чысцей, чым ён быў дагэтуль.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

