Дваццаць шэсць спецыялістаў тэхнікаў-асемянатараў розных узростаў і з розным вопытам работы прадстаўлялі ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Конкурс праходзіў не на ферме, а ў будынку раённай племянной станцыі. Пры падвядзенні вынікаў ўлічваліся вынікі працы за мінулы год. У ведамасцях насупраць кожнага прозвішча быў паказаны выхад цялят на 100 кароў. Атрымліваецца, што асноўная практычная частка конкурсу доўжыцца цэлы каляндарны год. Пра гэта нагадала спецыялістам намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алеся Глiнкова.
«Формула матэрыяльнага дастатку сельгасарганізацыі простая, - сказала яна, - будзе шмат малака класам «экстра», будуць грошы ў арганізацыі, будзе дастойная зарплата ў яе працаўнікоў. А высакакласнае малако могуць даць толькі здаровыя высокаўдойныя каровы, вырашчаныя і накормленный ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі якаснымі кармамі».
«Метадам штучнага абнасеньвання, - працягнуў размову Максім Шынкевіч, дырэктар райплемстанцыі, - можна дасягнуць добрых паказчыкаў па ўзнаўленні статка. У гэтай галіне ў нас вялікія рэзервы. Калі па рэспубліцы сёння атрымліваюць 75 цялятаў на 100 галоў, то ў шэрагу ўдзельнікаў нашага конкурсу - за 80 цялятаў. У сувязі з ростам прадукцыйнасці жывёл іх узнаўляльныя якасці некалькі пагаршаюцца, высокаўдойныя каровы складана прыходзяць у паляванне. Да гэтых жывёл павінен быць індывідуальны падыход, іншы ўзровень кармлення, догляду. Пры добрым кармленні, змесце, маніторынгу стану жывёл можна атрымаць і вялікае малако, і цяля».
Непасрэдна выпрабаванні ў дзень конкурсу складаліся з двух этапаў: тэарэтычнай і практычнай частак. Экзаменавалі спецыялістаў Алеся Глiнкова, Максім Шынкевіч, Аксана Зыль.
Удзельнікам конкурсу прыйшлося паказаць на практыцы свае навыкі ў вызначэнні якасці насеннага матэрыялу пад мікраскопам.
Па выніках усіх этапаў конкурсу Дыпломы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і грашовыя прэміі атрымалі:
1 месца - Людміла Запрудская з ААТ «Смалявічы-Сузон». Выхад цялятаў - 90 на 100 галоў. Яна ўжо 21 гадоў працуе ў гэтай прафесіі. Прэмія - 550 рублёў;
2 месца - Алена Чарняўская з філіяла СГК «Вялікаполле» КУП «Мінсктранс». Выхад цялят - 85 на 100 галоў. Стаж працы па спецыяльнасці - 18 гадоў. Прэмія - 450 рублёў;
3 месца - Аляксандр Мікульчык з ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс». Выхад цялят - 82 на 100 галоў. 31 год у прафесіі. Прэмія - 350 рублёў;
Асобным дыпломам пасля заахвоцілі самага маладога тэхніка-асемянатара Любоў Клімянок, якая працуе па размеркаванні 1-шы год у ААТ «Запольскае» пасля заканчэння Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя. Астатнія ўдзельнікі атрымалі грашовыя прэміі ў памеры 25 рублёў.
Галіна Гамеза. Фота Ларысы Яфіменка

