Напярэдадні канферэнцыі, з 20 па 22 жніўня, для кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі ў вочнай і дыстанцыйнай форме праводзяцца семінары, на якіх удзельнікі абмяркоўваюць асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, вызначаюць актуальныя напрамкі педагагічнай дзейнасці.
23 жніўня ў Доме культуры Дзяржынска адбудзецца канферэнцыя педагагічных работнікаў «Кампетэнцыі будучыні для эфектыўнага развіцця Міншчыны».
Пройдзе ўрачыстая частка мерапрыемства, прэзентацыя дасягненняў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. На выставачных пляцоўках каля Дома культуры і ў фае ўдзельнікі і жыхары горада азнаёмяцца з формамі ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый-заказчыкаў кадраў, вопытам міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Можна будзе ўбачыць працу лабараторыі дапоўненай рэальнасці, атрымаць кансультацыі ў прафесійных псіхолагаў.
У рамках канферэнцыі будуць прэзентаваны метадычны IT-холдынг, абласны клуб «Малады дырэктар» і абласны рэсурсны цэнтр па працы са школьнымі СМІ. На базе рэдакцыі газеты «Узвышша» Дзяржынскага раёна адбудзецца майстар-клас для маладых журналістаў з удзелам прадстаўнікоў абласных і рэспубліканскіх СМІ. Таксама юныя майстры пяра наведаюць мясцовую друкарню, дзе калісьці друкавалася раённая газета. Практычныя навыкі школьнікі змогуць адпрацаваць прама на пленарным пасяджэнні.
Свае даследчыя працы ўдзельнікам прадставяць пераможцы розных рэспубліканскіх конкурсаў: ад дзяцей дашкольнага ўзросту да навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі.
Усе жадаючыя змогуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі , паўдзельнічаць у майстар-класах і флэшмобе, паглядзець выставы, фотагалерэі і выступленні навучэнцаў па розных відах спорту. Гасцей чакаюць спаборніцтвы робатаў, выступы беспілотных лятальных апаратаў, прадстаўленне суднамадэляў.
На пленарным пасяджэнні будуць падведзены вынікі папярэдняга навучальнага года, вызначаны стратэгічныя арыенціры дзейнасці. На канферэнцыі адбудзецца ўшанаванне лепшых педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў, якія прыбылі на працу ў цэнтральны рэгіён. Завершыць вялікі педагагічны форум Міншчыны святочны канцэрт.
Праграма 23 жніўня
13.00 - 14.00 - праца тэматычных выстаў
14.00 - 14.50 - пленарнае пасяджэнне
14.50 - 15.40 - канцэртная праграма

