Аляксей Хасеневіч жыве ў Смілавічах. Ён індывідуальны прадпрымальнік. Нарыхтоўвае, прывозіць, прадае дровы насельніцтву. Але дзіцячая прыхільнасць да коней і мара стварыць аграсядзібу не дае спакою маладому чалавеку.
Кожнае лета ў дзяцінстве Аляксей праводзіў у бабулі ў вёсцы пад Стоўбцамі. Непадалёк на ферме жылі коні, на якіх у тыя часы выконвалася шмат рознай працы ў калгасе. Маленькі Аляксей дапамагаў конюхам даглядаць за коньмі. З вялікай радасцю ён выгульваў, чысціў, карміў жывёл. Тады і нарадзілася мара аб уласнай сядзібе, дзе будуць коні.
Стаўшы дарослым, ад мары не адмовіўся. І вось нарэшце аднойчы, будучы ў гасцях у сяброў на прыватным падворку ў Смалявіцкім раёне, купіў у гаспадароў жарабца! Звалі яго Макс. Было гэта чатыры гады таму. У вёсцы Шасцiснопы Чэрвеньскага раёна арандаваў ферму, прыкупіў яшчэ двух конікаў.
Зараз прапануе ўсім жадаючым верхавыя прагулкі. Можна праводзіць і іпатэрапіі - даволі папулярнае цяпер лячэнне для дзяцей і дарослых з рознымі захворваннямі. Аляксей выконвае нават такі арыгінальны від паслуг, як прыезд на коніках ў госці па паказаным адрасе! Дапамагае Аляксею спраўляцца з грывастымі чатырохногімі сябрамі Даша Мядзведзева.
Яна вучыцца ў Смілавіцкім аграрным каледжы, будзе ветэрынарам. Даша займалася канкурам. Ведае правілы верхавой язды і навучае ўсіх жадаючых.
Конны клуб чакае вас! Прыязджайце ў Шасцiснопы, пагутарыце з прыгожымі, моцнымі, грацыёзнымі жывёламі».
Галіна Гамеза. Фота аўтара

