Конкурс праходзіў у два этапы - завочны і вочны. Завочны уключаў два конкурсныя заданні - «Эрудыт» і «Аўтар». Яны прадугледжвалі веданне тэарэтычнай базы сацыяльным работнікам, заканадаўчых актаў, якія тычацца пытанняў работы сацыяльнай службы, уменне дзейнічаць у розных сітуацыях. Гэтыя конкурсы ўжо былі ацэнены журы папярэдне.
На сцэне Дома культуры канкурсанты прадстаўлялі то, як бачыць сябе ў прафесіі сацыяльны работнік. Конкурс называўся «Фантазія». Вось тут сапраўды выявілася фантазія Лізаветы Мяшковай і каманды падтрымкі. Па-першае, чэрвенцамi была распрацавана мадэль форменнай вопраткі для сацыяльных работнікаў і эмблема сацыяльнай службы. Лізавета заехала на сцэну на невялікім ровары ў спецвопратцы і са сцягам у руках, на якім красавалася эмблема. Яе суправаджала «сэрца», сацработнік ў адпаведным касцюме, як сімвал міласэрнасці прафесіі. Па-другое, быў зняты цікавы, займальны, з гумарам відэафільм аб сацыяльным працаўніку, яе рабоце і рабоце ўсяго цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, з марай пра тое, што фільм дэманструецца на Канскім фестывалі.
Усім спадабалася і тэатралізаваная мініяцюра «Вяселле», якую Лізавета зноў-такі з групай падтрымкі дэманстравала на сцэне ў рамках конкурсу мастацкай самадзейнасці «Талент». Сюжэт «Вяселля» такі: дачка прывяла жаніха-негра і што з гэтага выйшла... Смехам і дружнымі апладысментамі сустракалі гледачы выступленне чэрвенцаў.
Па выніках конкурсу Лізавета Мяшкова заняла трэцяе месца. Грамату камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Мінскага аблвыканкама ўручыў яго старшыня Алег Семянчук, Дыплом ІІІ стэпы - за прызавое месца - намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч. Лізавеце Мяшковай таксама ўручаны Сертыфікат на суму 153 рублi.
Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню сацыяльных работнікаў, якасці і культуры сацыяльнага абслугоўвання, развіццё творчай ініцыятывы і наватарства, стварэнне ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, а таксама павышэнне прэстыжу гэтай нялёгкай прафесіі.
Таццяна Марцьянава. Фота Таццяны Адзінец

