Праграма сямейнага капіталу прадугледжвае, што пры з'яўленні трэцяга і наступных дзяцей сям'і перакладаецца 10 тысяч долараў на спецыяльны рахунак. Асноўнымі ўмовамі прадастаўлення грашовых сродкаў з'яўляюцца:
-нараджэнне, ўсынаўленне трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года ўключна;
-выхаванне ў сям'і не менш траіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў;
-грамадзянства Рэспублікі Беларусь аднаго з бацькоў;
-пастаяннае пражыванне грамадзян, а таксама дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям'і, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Сямейны капітал прызначаецца толькі адзін раз. Для прызначэння яго грамадзяніну, які мае права на фінансавую дзяржпадтрымку, неабходна асабіста або праз свайго прадстаўніка звярнуцца ў сектар адміністрацыйных працэдур «Адно акно».
Грашовыя сродкі сямейнага капіталу можна выдаткаваць, калі дзіцяці, на якога аформлены дэпазіт, споўніцца 18 гадоў - на паляпшэнне жыллёвых умоў, аплату адукацыі або лячэння. Грошы не выдаюцца на рукі, а захоўваюцца на спецыяльным дэпазіце ў Беларусбанку. Працэнты, якія налічваюць на ўклад, устанаўлівае Міністэрства фінансаў.
Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва ў Чэрвеньскім раёне за час дзеяння праграмы па стане на 1 верасня 2019 года аформілі дэпазіт сямейнага капіталу 310 сем'яў.
Галіна Гамеза

