Зацікаўленыя і запрошаныя сабраліся на ФОКе. Тут былі прадстаўнікі некалькіх прадпрыемстваў, дзе ёсць небяспечныя ўмовы працы, а таксама супрацоўнікі МНС і валанцёры Чырвонага Крыжа, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і БРСМ. Уступнае слова перад прысутнымi сказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Любоў ДЖАФАРОВА.
З кароткай і пераканаўчай медыя-прэзентацыяй аб асновах бяспекі жыццядзейнасці выступіў намеснік начальніка па кадравым забеспячэнні і ідэалагічнай рабоце раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Кулеш.
Прадстаўнік МНС распавёў аб правілах паводзін грамадзян і супрацоўнікаў пры пажары, а таксама ў чарговы раз папрасіў быць пільнымі пры звароце з агнём у побыце і з лёгкаўзгаральнымі прадметамі. Яўген Кулеш прывёў у прыклад нядаўні трагічны выпадак у адной з вёсак раёна, калі курэнне ў п'яным выглядзе прывяло да гібелі жанчыны на пажары.
Затым рушыла практычная частка заняткаў. Яе правялі валанцёры Службы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Ігар і Філіп распавялі аб правілах першай дапамогі пры страце дыхання і прыпынку сэрца. Удзельнікі трэнінгу даведаліся мноства самых тонкіх падрабязнасцяў, як медыцынскіх, так і этычных, юрыдычных і нават рэлігійных, якія маюць месца пры аказанні першай дапамогі і правядзенні штучнага дыхання.
Здавалася б, пры чым тут рэлігія? Аказваецца, часта на пацярпелых, якім трэба рабіць штучны масаж сэрца, ёсць крыжык, сімвал хрысціянскай рэлігіі. Па правілах выратавання крыжык лепш зняць, як і ўсю вопратку аж да бялізны. Хтосцi можа замяць, не ведаючы, ці этычна гэта - зняць з чалавека сімвал веры, які да таго ж закліканы абараняць. Валанцёры патлумачылі, што галоўнае пры выратаванні - не губляць час. Таму крыжык лепш нават не зняць, каб не выпусціць каштоўныя секунды, а сарваць. Інакш пацярпелага можна ў працэсе выратавальных мерапрыемстваў задушыць шнурком або ланцужком ад крыжыка, ды і сам крыжык будзе замінаць.
Колькі па часе трэба рабіць штучнае дыханне і масаж сэрца? Валанцёры-ратавальнікі кажуць, што «да ўпора», гэта значыць пакуль не прыедзе хуткая дапамога. Гэта вельмі высакародна, але ўсе, хто паспрабаваў пампаваць нават на манекене, пераканаліся, як гэта фізічна нялёгка. А мы ж пампавалі ўсяго нічога - адзін ці два падыходы.
Тым часам адзін з самых доўгіх выпадкаў, калі пацярпеламу рабілі штучнае дыханне, доўжыўся пяць (5!!!) гадзін. Гэта адбылося ў Альпах падчас катання на горных лыжах. Група сяброў не пакінула аднаго з членаў сваёй кампаніі да самага прыбыцця лекараў. Чалавек дзякуючы гэтаму застаўся жывы і ніякіх наступстваў ад здарэння ў яго няма, акрамя пачуцця вечнай бясконцай падзякі да тых, хто яго выратаваў.
Частка ўдзельнікаў трэнінгу тут жа вырашыла стаць валанцёрамі. Жадаючыя змогуць прайсці 16-гадзінны курс лекцый і атрымаць сертыфікат міжнароднага ўзору, які дае права аказваць дапамогу па ўсім свеце.
Мы запісаліся і атрымалі чырвоныя пластыкавыя квіткі, на якіх абвешчаны асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа: гуманнасць, добраахвотнасць, нейтральнасць, незалежнасць, адзінства, універсальнасць, бесстароннасць.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

