Нагадваем, што асноўнай крыніцай шаленства на працягу многіх гадоў з'яўляецца лісіца. Эпідэміялагічнае значэнне маюць і іншыя дзікія драпежныя жывёлы (янотападобныя сабакі, ваўкі, вожыкі), а таксама сабакі і каты. Могуць заражацца на шаленства і перадаваць вірус іншым жывёлам і чалавеку буйная рагатая жывёла, коні і іншыя траваедныя жывёлы. Тым, у каго ёсць жывёлы (сабакі, кошкі), неабходна выконваць правілы іх утрымання і штогод у абавязковым парадку рабіць ім прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства.
Пры з'яўленні дзікіх жывёл на асабістых падворках у сельскай мясцовасці, на тэрыторыі населенага пункта трэба прыняць усе меры асабістай засцярогі і забеспячэння бяспекі блізкіх, паколькі здаровыя дзікія жывёлы, як правіла, пазбягаюць сустрэчы з чалавекам.
Калі кантакту з жывёлай, нават вонкава здаровай, ўсё ж пазбегнуць не атрымалася, неабходна ў максімальна кароткія тэрміны самастойна правесці першасную апрацоўку раны і неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Толькі лекар можа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і прызначыць прышчэпачны курс. Чым раней пачата імунізацыя супраць шаленства, тым верагодней спрыяльны зыход у сітуацыі, якая склалася. Ні ў якім разе не варта адмаўляцца ад прызначанага лячэння і самастойна перарываць яго, гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.
Зоя САВАЙТАН,
памочнік урача-эпідэміёлага ДУ «Чэрвеньскі РЦГiЭ»

