Акрамя дыстанцыі 21 кіламетр з хвосцікам можна было бегчы чвэрцьмарафон - 10, 55 км, і самая маленькая дыстанцыя для пачаткоўцаў - пяць з паловай кіламетраў.
Учора на ўсіх трох дыстанцыях бегла ў агульнай складанасці 40 тысяч чалавек. Удзельнічаць у гэтым спаборніцтве прыязджаюць аматары спорту з розных краін свету. Сёлета месцы на мужчынскім і жаночым п'едэсталах дыстанцый паўмарафон занялі бегуны з Эфіопіі, Украіны, Эрытрэі, Кеніі, Беларусі і Расіі.
Вольга, Павел і Аляксандр - людзі падрыхтаваныя. Усё лета яны амаль кожную раніцу бегалі па некалькі кіламетраў, рыхтуючыся да восеньскага спартовага мерапрыемства. Таму ўсе трое вырашылі не шукаць лёгкіх шляхоў і бегчы дыстанцыю 21 км. Усе трое справіліся выдатна!
На дыстанцыі яны сустрэлі шмат вядомых людзей: беглі міністры, дэпутаты, кіраўнікі буйных фірмаў і прадпрыемстваў. Сярод спартсменаў хлопцы сустрэлі і зямлячку Людмілу Ваўчок. Як заўсёды, паралімпійская чэмпіёнка была цэнтрам пазітыву і добрага настрою, што таксама дапамагло нашым бегунам паспяхова пераадолець дыстанцыю.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Здымкі Паўла КЛЫНДЗЮКА

