За званне лепшай, працавітай і маладой сельскай сям'і будуць змагацца 17 сем'яў з розных куткоў Міншчыны. Сярод удзельнікаў праекта гэтага года - сем'і механізатараў, жывёлаводаў, трактарыстаў, вадзіцеляў, леснікоў, паштальёнаў, педагогаў і нават лекараў, якія і сваё жыццё, і прафесійную дзейнасць цалкам звязваюць з сельскай мясцовасцю.
Ідэйным натхняльнікам праекта абласнога тура выступае Мінская абласная арганізацыя Грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пры падтрымцы ўсіх зацікаўленых.
Арганізатары абласнога этапу сямейнага праекта «Уладар сяла» прапануюць удзельнікам прайсці конкурсныя выпрабаванні: сем'ям трэба будзе крэатыўна прадставіць сваю гаспадарлівасць і гасціннасць ў конкурсе візітных картак «Вітаем па-беларуску», рубцы і складзіраванні дроў (конкурс «Дрывасекі»), прафесіяналізм у вырабе лавачак (конкурс «Спрытнякі»), прайсці сельскую спартыўную эстафету на лепшы час. Таксама кожная сям'я-удзельніца пройдзе інтэлектуальную віктарыну на лепшае веданне сваёй малой радзімы (конкурс «Інтэлектуалы вёскі»).
У групе Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» у сацыяльнай сетцы «Укантакце» «Моладзь Міншчыны» стартаваў онлайн-конкурс відэаролікаў «Вось маё!», дзе ўдзельнікі абласнога этапу праекта прадэманструюць свае падворкі і ўклад жыцця сучаснай сям'і, якая жыве ў вёсцы.
Завершыцца праект урачыстым падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем удзельнікаў і пераможцаў конкурсу «Уладар сяла - 2019».
Ацэньваць конкурс у гэтым годзе будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, прафсаюзаў, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню, а таксама грамадскіх арганізацый.
Сям'я-пераможца абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2019», акрамя галоўных узнагарод і прызоў, атрымае права прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале рэспубліканскага праекта.

