У сярэдзіне месяца выходныя былі больш цёплымі, амаль летнімі, і тады ў нас адбыўся велапрабег. У мінулую жа суботу было халаднавата, ды яшчэ і мокра, раз-пораз пачынаў сыпаць дробны восеньскі дожджык. Таму мы вырашылі правесці турнір па шашках - і спорт, і з будынка выходзіць не трэба!
Хоць усё роўна не абышлося без футбола: усе, хто прыйшоў у гэты дзень у школу на мерапрыемствы, у 11.00 выйшлі праводзіць на турнір па футболе каманду нашых дзяўчынак.
У рамках акцыі «Міншчына спартыўная. Восень» адбыўся турнір па шашках «Белыя і чорныя». Больш за пяцьдзесят хлопчыкаў і дзяўчынак прадэманстравалі сваё майстэрства. Турнір выявіць не толькі лепшых гульцоў, але і ўжо зацікавіў новых шашыстаў. А пераможцы будуць выяўлены ў другім туры.
Для старшакласнікаў, якія шмат часу праводзяць у кампутара і цікавяцца інфарматыкай, інтэрнэтам, гульнямі, настаўнік інфарматыкі Барыс Батурчык правёў мерапрыемства «Бяспечны інтэрнэт». Педагог распавёў аб магчымасцях Сусветнай павуціны, як шмат яна можа даць карыснага, і ў той жа час, якія небяспекі можна сустрэць. Злачынцы ў інтэрнэце, шкоднасныя праграмы, гульні, онлайн-пірацтва, інтэрнэт-хуліганства - пра ўсё гэта дзецям распавёў Барыс Пятровіч.
Дарэчы, што такое кейлоггеры? Гэта шпіёнскія праграмы, якія фіксуюць вашы націскi на клавіятуры, а затым дастаўляюць дадзеныя, куды трэба. Яны ўмеюць суадносіць клавіятурны ўвод з бягучым акном, адсочваць спіс працуючых прыкладанняў, робяць «фота» экрана па зададзеным раскладзе або падзеі, шпіёняць за змесцівам буфера абмену. Сабраную інфармацыю кейлоггеры могуць перадаваць па электроннай пошце ці http/ftp-пратаколу. Некаторыя прасунутыя кейлоггеры нават маскіруюць сляды свайго знаходжання ў сістэме.
Як кейлогеры пранікаюць у кампутар? Напрыклад, з дапамогай скрыпту на вэб-старонках, які выкарыстоўвае асаблівасці інтэрнэт-браўзэраў і дазваляюць праграмам запускацца аўтаматычна, як толькі карыстач наведаў старонку. Таму не трэба пераходзіць па прапанаваным невядомым спасылках. Можна «падчапіць» кейлоггеры з файла, дасланага праз электронную пошту, таму не трэба адкрываць незнаёмыя файлы! Можа адбыцца запуск файла з каталога, размешчанага ў агульным доступе ў сетцы або праз ужо ўсталяваную вірусную праграму, якая ўмее спампоўваць і ўсталёўваць у сістэму сабе падобных.
Ды ўжо, сапраўды, не адным футболам можна з карысцю заняцца ў Запольскай школе. Чакаем чарговых навін!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Віталя ПАЛЯЧКОВА

