Узброеныя сілы закліканы абараняць незалежнасць краіны і бяспеку грамадзян. Сучасная армія моцная не толькі колькасцю, але і эфектыўнасцю ўзбраення, падрыхтоўкай байцоў і іх духоўнай матывацыяй. Грамадства сёння горача цікавіцца умацаваннем абараназдольнасці краіны і яе суверэнітэтам. Гэтую важную тэму і абмяркоўвалі на брыфінгу. У ім удзельнічалі намеснік начальніка кансультацыйнага аддзела Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Лаўрыненка, старшыня раённага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане Віктар Казачонак, ваенны камісар Мінскай вобласці палкоўнік Ігар Тарабеш, намеснік камандзіра роты вайсковай часці 22319 лейтэнант Юрый Сахончык, курсант вучэбнай роты вайсковай часці 22319 Віктар Сяродкiн, мама нашага славутага земляка-касманаўта Алега Навiцкага Валянціна Эдуардаўна Навіцкая. Вяла брыфінг начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідзія Шчацінка.
Брыфінг праходзіў у форме адкрытага дыялогу, гэта значыць усе жадаючыя з ліку знаходзіўшыхся ў зале маглі падысці да мікрафона і задаць свае пытанні. У асноўным пытанні задавала моладзь. «Што галоўнае ў баяздольнасці арміі?» «На якія ваенныя спецыяльнасці бяруць на вучобу дзяўчат?» «Які Вы ўяўлялі сабе службу ў Афганістане да таго, як самі патрапілі туды?» «Што такое IT-рота і як туды трапіць?» «У якіх ваенных спаборніцтвах удзельнічаюць беларускія вайскоўцы?» «Ці шмат пазітыву ў тэрміновай службе?» «Ці складана выхаваць героя?» - гэтыя і іншыя пытанні прагучалі з залы. Тыя, каму яны былі адрасаваны, падрабязна і цікава на іх адказалі.
Пасля брыфінгу ваенны камісар Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Дзмітрый САВІЦКІ ўручыў граматы ваеннага камісарыята адзінаццацікласнікаў Кірылу БУРДАКУ (Смілавіцкая СШ №2) і Арсенію ХАРОШКУ (Смілавіцкая СШ №1) за актыўную грамадзянскую пазіцыю, праяўлены патрыятызм і асабісты ўклад у правядзенне ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца-2019».
Са сцэны зачыталі ліст падзякі маме радавога Віктара Сяродкiна, Валянціне Іванаўне Сяродкiнай. Запрасіўшы яе на сцэну, камісар ўручыў жанчыне заслужаную ўзнагароду і букет кветак. Зала вітала маму салдата апладысментамі.
Вядучыя Мікалай КРЫВЕЛЬ і Вольга ЛАЎНІКОВІЧ распавялі аб стварэнні ў Чэрвені клуба «Патрыёт» на базе прафесійнага будаўнічага ліцэя. Зараз праца на завяршальным этапе: абсталяваны і аформлены памяшканнi, заўсёды гатовыя прыняць новых наведвальнікаў спартзалы, «трэнажорка», стадыён з футбольным полем, бегавой дарожкай і хакейнай каробкай. Хутка маладзёжны ваенна-спартыўны клуб «Патрыёт» адкрыецца для жадаючых стаць сапраўдным патрыётам, навучыцца сіле, адказнасці, стойкасці, мужнасці і любові да Радзімы.
Самай кранальнай часткай мерапрыемства стаў урачысты старт акцыі памяці «У славу агульнай перамогі». Як ужо распавядаў «Раённы веснік», падчас гэтай акцыі будуць сабраны жменькі зямлі з усіх памятных мемарыяльных мясцін Беларусі, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной: брацкіх магіл, пахаванняў, месцаў расстрэлу мірных жыхароў. У дзень юбілейнага святкавання Перамогі ў 2020-м годзе ўся сабраная зямля будзе ў спецыяльных капсулах перададзена ў крыпту Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшыя.
Зямлю, сабраную з памятных месцаў Червеня, ўрачыста прынялі ваенны камісар Мінскай вобласці Ігар Тарабеш і намеснік начальніка кансультацыйнага аддзела Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Лаўрыненка.
Ваенны камісарыят прыняў на сябе абавязак захоўваць атрыманае да фінальнага этапу акцыі. Эстафету збору зямлі прыняла старшыня Чэрвеньскага сельскага Савета Наталля Свірыдовіч. На сцэне ёй уручылі запаленую лампадку як сімвал нязгаснай народнай памяці.
Пасля ўрачыстага завяршэння цырымоніі адкрыцця раённага этапу акцыі памяці «У славу агульнай Перамогі» перад гледачамі выступіў ваенны аркестр 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады пад кіраваннем ваеннага дырыжора лейтэнанта Дзмітрыя ФЕДРУШЫНА.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

