Галоўны аграном гаспадаркі Яўген Каско і механізатар на ўборцы кукурузы Уладзімір Лучанок
У сераду тут прыбіралі кукурузу ў полі за вёскай Лучча.
- Гэта - былыя землі ААТ «Лядзенскi», якія перадалі нам у мінулым годзе, - распавядае галоўны аграном гаспадаркі Яўген Каско. - Некалькі апошніх гадоў яны не апрацоўваліся, але мы давялі іх да розуму. Заправілі глебу неабходнай колькасцю ўсіх відаў мінеральных угнаенняў, набылі перспектыўныя гатункі гібрыдаў «Джэкпот» і «Ушыцкi» ўкраінскай селекцыі, і атрымалі вынік. Кукуруза вырасла вышынёю каля чатырох метраў, ураджайнасць масы - больш за 400 цэнтнераў з гектара ...
Тактыка уборкі гэтай культуры пабудавана ў гаспадарцы з улікам пасяўной структуры палёў. Так склалася, што палова з іх знаходзіцца на тарфяніках і пераўвільготненых участках. Гэта істотна ўскладняе працу тэхнікі нават пасля непрацяглых дажджоў. Вось чаму ў цяперашнія пагодлівыя дні ў філіяле імкнуцца максімальна хутка прыбраць нізіны.
- Тэмпы уборкі кукурузы маглі б быць і вышэй, - кажа Яўген Каско. - Але ва ўмовах, калі шмат тэхнікі занята на сяўбе збожжавых, не атрымліваецца забяспечыць адвоз масы пад поўную магутнасць кормаўборачнага комплексу. Чатыры трактары адкамандзіраваць да нас «Мінсктранс», часткова задзейнічаем свае. Дзякуючы гэтаму, штодня нарыхтоўваем па 400-600 тон сіласу...
Як распавёў Яўген Каско, пры цяперашняй ўраджайнасці кукурузы сіласныя траншэі запаўняюцца хутка. З улікам таго, што застаўся запас травяністых кармоў з мінулага года, неўзабаве патрэба ў іх будзе цалкам забяспечана. Гэта дазволіць прыбраць 150-200 гектараў кукурузы з вырашчаных 500 на зерне.
Механізатар на шлязе сіласнай масы Аляксандр Чарняўскі
- У мінулым годзе мы асвоілі тэхналогію нарыхтоўкі збожжа кукурузы метадам плюшчэння з закладкай ў поліэтыленавыя рукавы, - кажа Яўген Каско. - Гэты высокаэнергетычных корм дае магчымасць прыкметна павялічыць прадуктыўнасць дойнага статка. Мінулай зімой мелі ў сярэднім ад каровы па 15 кілаграмаў малака ў суткі. Гэта нават больш, чым улетку.
Ігар Адамовіч. Фота аўтара

