Вось толькі з прадметам вызначылася пазней - да заканчэння школы. У выпускным класе ў нашай школе з'явілася маладая настаўніца хіміі - Валянціна Мікалаеўна Новік. Яна і захапіла сваім прадметам.
Пасля заканчэння ў 1981 годзе хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Таццяне Іванаўне прапанавалі застацца на кафедры. Кіраўнік дыпломнай працы доўга настойваў на гэтым, але дзяўчына навуковай рабоце палічыла за лепшае педагагічную дзейнасць. Ды і практыка, якая праходзіла ў адной з Мінскіх школ, паказала, што выбар зроблены правільна. Таму ад навуковай працы адмовілася, хоць на апошнім курсе ўдзельнічала ў навукова-практычнай канферэнцыі і заняла прызавое месца. Прыехала на працу ў Вялікапольскую сярэднюю школу. У калектыве сустрэлі ветліва. Усе педагогі імкнуліся дапамагчы маладому спецыялісту. Быў момант, калі запрасілі на працу ў райкам камсамола, працавала другім сакратаром. Але ўсё роўна цягнула ў школу: працавала ў Лядзенскай школе, пазней - у СШ №3, а калі ў 2002 годзе ў гімназіі №1 настаўнік хіміі Інэса Іванаўна Бесман сышла на заслужаны адпачынак, Таццяну Іванаўну запрасілі працаваць туды.
Гімназісты наогул - народ захоплены. Ім усё цікава. Таму і настаўніку пастаянна трэба знаходзіцца ў пошуку: новых ідэй, новых ведаў, новых метадаў навучання прадмету. З прыходам Інтэрнэту ў працэс навучання, стала працаваць яшчэ цікавей. Праўда, лічыць настаўнік, цяперашнія гаджэты адцягваюць на ўроках, і таму ў гімназіі ўжо даўно карыстацца смартфонамі, айфонамi на ўроках не дазваляюць. Стараецца настаўнік не адстаць ад сваіх вучняў, быць цікавай для іх. І гэта ў яе атрымліваецца. Радуюць поспехі выпускнікоў. Пра гэта сведчаць і вынікі цэнтралізаванага тэставання хлопцаў па хіміі ў гэтым годзе: іх сярэдні бал быў - 68. Гэта вышэй рэспубліканскага ўзроўню, які склаў 64,41 (абласны - 62,82; раённы - 66,5).
- Гэта, вядома, заслуга, у першую чаргу, саміх дзяцей, іх ўпартая праца, - кажа Таццяна Іванаўна. - Хімія - прадмет няпросты, але займальны, калі здолееш зацікавіць дзяцей, усё атрымліваецца. Настаўнік з вялікім стажам і вопытам работы, Таццяна Іванаўна мае ўзнагароды: Граматы аддзела адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму, Мінскага абласнога ўпраўлення па адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Вольны час настаўнік прысвячае кветкам. Іх шмат у яе і ў доме, і ў двары. Але большую частку часу яна надае хіміі. Заўсёды шукае нешта новае, цікавае. Захапляецца сама і з радасцю нясе новыя веды сваім вучням...
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

