Нават тым, хто нешта чуў ці ведае пра Чэрвеньшчыну, усё адно хочацца лішні раз наведаць гістарычныя месцы раёна, бо нішто не стаіць на месцы, і кожны раз можна даведацца нешта новае. А яшчэ хацелася паказаць нашым маладым спецыялістам, што акрамя працы, ёсць яшчэ і адпачынак, і няма нічога лепш, калі ён яшчэ актыўны і пазнавальны.
У гэты раз нашу экскурсію мы пачалі з мястэчка Убель - радзімы кампазітара Станіслава Манюшкі. Гэта сімвалічна, таму што гэты год - юбілейны з дня яго нараджэння. Мы прайшлі да помніка кампазітару, пачулі аповяд нашага экскурсавода, навуковага супрацоўніка раённага краязнаўчага музея Ірыны Серады аб дзіцячых гадах яго жыцця. Далей знаёмства з жыццём і творчасцю кампазітара мы працягнулі ў Смілавічах. Тут цяпер працуе гасцёўня Станіслава Манюшкі, у якой знаходзяцца ўсе экспанаты былога музея ў Убеле. Тут жа можна паслухаць музыку, напісаную кампазітарам ў выкананні вучняў і педагогаў Смілавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
А потым мы наведалі месца расстрэлу мірных грамадзян падчас Вялікай Айчыннай вайны, у маўчанні схілілі галовы перад памяццю загінуўшых 2000 тысяч старых, жанчын, дзяцей...
У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ім. Х.Суцiна мы пачулі цікавы аповяд пра яго жыццё і творчасць, а таксама пра жыццё і творчасць яшчэ аднаго мастака Шрагом Царфiна. У стылізаваным фрацузском кафэ нас пачаставалі духмянай кавай.
З цікавасцю мы пазнаёміліся з работай гурткоў Дома творчасці дзяцей і моладзі. Здзівіліся таму, як разнастайны таленты педагогаў і дзяцей, якія наведваюць гэтыя гурткі, дзе ствараюць сапраўдныя шэдэўры: гэта і лялькі, і карціны - напісаныя алеем і зробленыя з скуры, розныя вырабы з падручнага матэрыялу і многае іншае. У ход ідуць такія, як цеста і крупы, макароны і нават газетная папера!
Завяршылася наша паездка наведваннем сядзібы Манюшкі-Ваньковічаў. Мы даведаліся пра гісторыю яе стварэння, пра вялікі парк навокал сядзібы, пра расліны, якiя яго засялялі.
Экскурсія была вельмі цікавай, пазнавальнай. Мы вельмі ўдзячныя навуковаму супрацоўніку краязнаўчага музея Ірыне Серада, дырэктару Смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі iм.Х.Суцiна Але Лаўрыновіч і яе намесніку Святлане Хасеневіч за тое, што разам з імі мы маглі дакрануцца да дзіўнай гісторыі нашага краю.
Уладзімір РАНДЗIЦКI, урач-хірург, старшыня прафкама Чэрвенскай раённай бальніцы

