Мама - самы добры і спагадны чалавек. Яна аддае ўсю ласку і цяпло сваім дзецям, нават тады, калі маленькае жыццё толькі зараджаецца ўнутры яе, і праносіць гэтую любоў праз усё жыццё, праз усё гады радасці, хваляванняў і смутку, клопатаў і сямейных бязладзіцы, не гледзячы на перашкоды, што сустракаюцца на яе шляху. Мама ўсё можа пераадолець.... Так здаецца нам з самага дзяцінства. Яна знаходзіць выхад з усіх сітуацый, часам нават самых бязвыхадных, з якіх мы выйсці самастойна не можам.
За дзевяць месяцаў гэтага года ў нашым раёне мамамі сталі 197 жанчын. Сярэдні ўзрост мам - 28 гадоў. Самай маладой маме 17 гадоў, тры жанчыны яшчэ раз сталі мамамі ў 40, 42 і 45 гадоў. У адной сямейнай пары нарадзіліся двайняты. З 198 нованароджаных дзяцей - 100 дзяўчынак і 98 хлопчыкаў. Самымі папулярнымі імёнамі ў дзяўчынак сталі Соф'я і Дар'я. А ў хлопчыкаў - Міхаіл. Самае рэдкае імя сыночку далі ў сям'і Харошка. Хлопчык восьмы ў бацькоў і клічуць яго Мітрафан. Ён адзін з самых буйных нованароджаных, нарадзіўся з вагой 4 кілаграмы 380 грамаў. А самае буйное дзіця, якое нарадзіўся ў нашым раёне сёлета падрастае ў сям'і Качук з вёскі Астравы. Гэта дзяўчынка, клічуць яе Маргарыта. Яна чацвёртае дзіця ў сям'і. Нарадзілася з вагой 4 кілаграмы 540 грамаў, 56 сантыметраў. А самы буйны немаўля-хлопчык жыве ў вёсцы Гудовiчы, пятае дзіця Ігара і Вольгі Лісоўскiх. Завуць яго Ілля. Важыў пры нараджэнні 4 кілаграмы 460 грамаў, рост - 56 сантыметраў. Самыя вялікія па росце малыя: Максім Булгак з Дамавіцка (рост - 60 см, вага - 4 кг 270 г) і Раман Ашэйчык з Чэрвеня (рост - 60 см, вага - 4 кг 170 г).
У 2019 годзе за дзевяць месяцаў зарэгістравалі шлюб у раёне 136 пар. Будзем чакаць першынцаў у наступным годзе і з задавальненнем зарэгіструем другое, трэцяе... восьмых дзяцей.
Аддзел запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама віншуе ўсіх маці Чэрвеньскага раёна з вялікім і светлым святам - Днём Маці. Жадаем усім жанчынам мірнага неба, дабрабыту, радасці ад дзетак, гонару за сваіх мужчын, гармоніі ў шлюбе, мудрасці і цярпення ў выхаванні дзяцей.
Таццяна Лапшына, загадчык аддзела ЗАГС Чэрвеньскага райвыканкама

