У аграгарадку Рудня ў сельскім Доме культуры жанчын сустракалі песняй самадзейныя артысты Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу. Старшыня сельвыканкама Мікалай Нахамчык звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства з прывітальным словам.
Ён адзначыў, што вельмі прыемна бачыць жанчын у сельсавеце, павіншаваў са святам і запрасіў пазнаёміцца з Домам культуры. Людміле Шарковай, дэпутату Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў па Руднянскай выбарчай акрузе самадзейныя артысты ўручылі хлеб-соль. Загадчык сельскім Домам культуры Іна Ерахавец распавяла аб рабоце ўстановы культуры, яго аматарскіх клубаў і гурткоў, прадставіла выставу творчасці гурткоўцаў.
Далей шлях дэлегацыі ляжаў на малочна-таварную ферму «Чарнова» СПФ «Агра-Бокс-Заатэх» СП «Унібокс» ТАА. Дырэктар установы Алена Алай правяла цэлую экскурсію па прадпрыемстве, распавяла аб працэсе вытворчасці малака, поспехах гаспадаркі. Жанчыны цікавіліся надоямі, кармамі, умовамі працы і заработнай платай работнікаў.
У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Верас» азнаёміліся з умовамі адпачынку дзяцей. Не першы год працуе гэты лагер у вёсцы Чарнова, у памяшканні былой школы. Улетку лагер працаваў цэлых пяць змен.
У аддзяленні забеспячэння кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадку Рудня дырэктар цэнтра Людміла Шаркова распавяла жанчынам пра тое, якія створаны ўмовы для пражывання састарэлых адзінокіх грамадзян і інвалідаў, з горыччу адзначыўшы, што і пры жывых дзецях тут даводзіцца знаходзіцца бацькам. Вольга Сасункевіч, загадчык аддзялення, гасцінна запрасіла зайсці і пазнаёміцца з насельнікамі аддзялення. А там іх чакаў сюрпрыз - да іх у госці завіталі валанцёры - вакальны гурт «Ігуменскі настрой». Вясёлымі песнямі самадзейныя артысты паднялі настрой усім прысутным.
Старшыні сельскіх выканкамаў павіншавалі жанчын, якія пражываюць у аддзяленні, і ўручылі ім салодкія падарункі - тарты.
На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна працуюць тры крамы «Еўраопт», адна з іх знаходзіцца ў аграгарадку Рудня. З цікавасцю наведалі і яе. Жанчыны адзначылі, што асартымент тавараў не адрозніваецца не толькі ад такога ж у Чэрвеня, а, нават, і ў Мінску.
Далей дэлегацыя жанчын накіравалася да помніка загінулым воінам. Тут у ганаровай варце стаялі піянеры, вучні Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. У хвіліне маўчання ўсе схілілі галовы ў памяць аб загінуўшых. Да помніка ўсклалі кветкі.
У вучэбна-педагагічным комплексе «Руднянскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» гасцінна сустракала яго дырэктар Ала Миралевiч. Яна распавяла пра сваю навучальную установу, вучняў, іх дасягненнi. Далей ўдзельнікі мерапрыемства дружна садзілі пладовыя дрэўцы: яблыні і грушы, заклаўшы Матчын сад на тэрыторыі школы.
З цікавасцю даведаліся пра тое, што ў Руднянскай школе створаны музей лесу. Гэта адзіны школьны музей у нашым раёне. Экскурсаводы, вучні школы, распавялі пра яго стварэнне, аб стэндах і экспанатах. Жанчыны даведаліся пра гісторыю лясной гаспадаркі нашага раёна, яе выбітных работніках, а таксама аб раслінным і жывёльным свеце нашага лесу.
На ўрачыстасць удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў актавай зале школы. Тут за стол, сервіраваны гарбатай, кавай, садавіной і цукеркамі, ўшаноўвалі лепшых мам - прадстаўніц ад кожнага сельсавета. Гэта жанчыны, якія выхавалі і выхоўваюць добрых дзяцей, клапатлівыя і далікатныя маці, руплівыя гаспадыні, выдатныя працаўніцы.
Усім ім ўручаны кветкі і падарункі ад сельвыканкамаў, раённай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» і дырэктара крамы «Еўраопт» у Рудні Антаніны Вітушка. Віншаванні суправаджаліся музычнымі падарункамі - выступамі вучняў Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, педагогаў школы і работнікаў культуры.
Эстафету правядзення Тыдня Маці старшыня Руднянскага сельвыканкама Мікалай Нахамчык перадаў Людміле Пасудзеўскай, якая ў наступным годзе будзе ладзіць свята для мам у Калодзежскiм сельсавеце.
І, вядома, усё з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

