Прадстаўнікі працоўнага калектыву дома-інтэрната самі былі ўдзельнікамі грандыёзнага мерапрыемства. Шмат увагі наведвальнікаў свята прыцягнуў «Габрэйскі куток», які арганізавалі работнікі інтэрната. У нацыянальным кутку гэтай народнасці былі прадстаўлены традыцыйныя стравы габрэяў, рамесніцтва, характэрнае для занятасці прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці ў мінулым стагоддзі на тэрыторыі нашага раёна. Швачка-хатняя гаспадыня прапанавала ўвазе наведвальнікаў аўтэнтычныя вырабы, выкананыя рукамі: лялькі, сурвэткі, коўдры са шматкоў, вязаныя рэчы. Настаўнік іўрыту распавёў аб падручніках, часопісах і газетах на гэтай мове. Вялікай папулярнасцю ў гасцей падворка карысталіся яўрэйскія абярэгі.
Пра гэта распавяла пражываючым у доме-інтэрнаце Марына Якубоўская, старэйшая медсястра ўстановы і адна з прыдумшчыкаў арыгінальнага нацыянальнага кутка, удзельніца абласных «Дажынак».
Каравай ўраджаю 2019 года з абласнога свята ўручылі работнікам інтэрната прадстаўнікі Бярэзінскага раёна. Яны папрасілі парадаваць святочным пачастункам ўсіх жывучых у доме-інтэрнаце.
Першымі паспрабавалі пачастунак суседзяў жыхары двух дамоў для пражываючых з суправаджэннем. Мужчыны і жанчыны хвалілі майстэрства кандытараў Бярэзіншчыны, падзякавалі за ўвагу і чуласць, ацанілі на «выдатна» смакавыя якасцi.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

