Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 841

15 Кастрычнік 2019

За добрасумленную працу ён атрымаў аўтамабіль: Акім Цітовіч Якаўлеў з Чэрвеня адзначае 90-гадовы юбілей

Чэрвенцы добра ведаюць гэтага чалавека - ветэрана вайны і працы. Ён - часты госць на раённых святах, сустрэчах з моладдзю, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў, якія праводзіць раённы Савет ветэранаў.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Акім Цітовіч быў партызанам атрада імя А. В. Суворава 1-й Мінскай брыгады, узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны ІІ ступені», медалямі «Партызан Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені», Жукава. Аб удзеле ў партызанскім руху Акім Цітовіч часта распавядае моладзі. Сённяшні наш аповяд пойдзе пра яго цікавую працоўную дзейнасці: у працоўнай кніжцы ветэрана толькі тры запісы аб прыёме на працу. Затое аб заахвочваннях i ўзнагародах для запісаў не хапіла гэтай кніжкі - у яе ўкладзена яшчэ дзве...

Нарадзіўся Акім Цітовіч Якаўлеў 15 кастрычніка 1929 года ў вёсцы Заграддзе Грабянецкага сельсавета Чэрвеньскага раёна. Зараз гэтая вёска ўжо не існуе. А ў той час яна звінела дзіцячымі галасамі. Толькі ў адной сям'і Якаўлева - Ціта Апанасавіча і Мiнадоры Панкрацьеўны было 15 дзяцей! Акім быў чацвёртым дзіцем. Маці была мясцовай, а бацькоўская радня жыла ў Літве. Пасля вайны бацька напісаў ліст туды стрыечнаму брату. Ён даслаў сям'і выклік на пастаяннае месца жыхарства. Яшчэ і бабуля Акіма Цітовіча была жывая...

Да вайны Акім скончыў 4 класа Ачыжскай пачатковай школы. А ў Літве яго накіравалі ў Вільню ў ваеннае вучылішча. Адукацыі не хапала. Сказалі, калі ЦК камсамола Літвы дасць дабро, - прымем. А ў ЦК накіравалі на працу на Клайпедскі суднарамонтны завод грузчыкам. Першы запіс аб працоўнай дзейнасці датуецца 1946 годам. Хлопец працаваў старанна. Прапанавалі вучыцца на аўтаслесара ў аўтатранспартным цэху, атрымаў добры разрад. Пазней вывучыўся на шафёра і працягваў працаваць усё ў тым жа цэху.

У 1950 году пайшоў служыць у войска. А потым з 1952 года, пасля службы стаў працаваць шафёрам аўтабазы ​​Клайпедскага марскога рыбнага порта Літоўскай ССР.

- Вазіў начальніка ўпраўлення рыбнай прамысловасці, - успамінае ветэран. - Плацілі мне як шафёру і як ахоўніку. Заробак быў добрым. Потым, пасля смерці Сталіна, пасаду ахоўніка адмянілі.

Там жа даводзілася Акіму Цітовічам выкладаць і слясарную справу: кіраўніцтва заўважыла яго здольнасці. Маючы кемлівы розум, ён прапанаваў тры рацыяналізатарскіх вынаходкі, якія паспяхова былі ўкаранёны на прадпрыемстве. Пра гэта сведчаць запісы ў працоўнай кніжцы. І, вядома, за іх былі і грашовыя прэміі, і Падзякі ад кіраўніцтва порта.

У гонар 10-годдзя Савецкай Літвы за добрыя паказчыкі ў працы яму была аб'яўлена Падзяка, у азнаменаванне 40 года Кастрычніка выдадзена грашовая прэмія, у наступныя гады - штогод выдаваліся такія прэміі да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мае ветэран і Ганаровую грамату ад кіраўніцтва рыбнага порта да Дня рыбака, а таксама шматлікія грашовыя прэміі і падзякі штогод да гэтага прафесійнага свята.

Цікава, што добрасумленнаму работніку штогод, нават кожны квартал, выдавалася Усесаюзная прэмія ў памеры 100 рублёў, пасля грашовай рэформы яна назначалася ў памеры 10 рублёў. Прэміраваны ветэран штогод і з нагоды Дня Перамогі, атрымліваў каштоўныя падарункі.

У 1970 годзе ўзнагароджаны знакам «Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва рыбнай прамысловасці СССР». За добрасумленную працу атрымаў прэмію ў памеры 5000 рублёў і яму дазволілі без чаргі набыць аўтамабіль «Жыгулі». Узнагароджаны юбілейным медалём «За доблесную працу ў адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна». У 1980 годзе прысвоена званне «Заслужанага ветэрана Клайпедскага рыбнай порта». Мае Акім Цітовіч медаль «Ветэран працы» і 17 юбілейных медалёў.

Жонка, Кацярына Панкрацьеўна, была рускай, але жыла яе сям'я ў Польшчы. Памерла ў 45 гадоў. У сям'і Акіма Цітовіча нарадзілася трое дзяцей. Жывуць яны ў Літве. Малодшы сын - старшы механік, ходзіць у мора, старэйшы сын - на пенсіі і дачка на пенсіі. Ёсць у ветэрана чатыры ўнукі, дзве ўнучкі, трое праўнукаў.

У 1981 году Акім Цітовіч ажаніўся другі раз. Жонка перацягнуў яго ў Мiнск. Працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак шафёрам 1 класа спецыялізаванага ўпраўлення №77 трэста №26 «Жалезабетонмантаж» Міністэрства будаўніцтва БССР.

Дзве яго сястры жывуць ва Украіне: адна - у Кіеве, іншая - у Харкаве, дзве сястры - у Клайпедзе. Жывыя яшчэ тры браты. Другой жонкі таксама няма. Пайшла з жыцця. Зараз ветэран жыве адзін.

- І прыгатаваць сабе магу, і ў краму хаджу, - кажа ён. - Дачка прыязджала з Літвы. З братам маем зносіны. Расійскі консул з Літвы дасылае віншаванні ад Пуціна да святаў...

Віншуем Вас, паважаны Акім Цітовіч з днём нараджэння, жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і мірнага неба над галавой.

Таццяна Марцьянава. Фота Наталлі Каралькевіч

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць