Гульня праходзіла ў Жодзіне. Перад гэтым хлопцы добра падрыхтаваліся да выступу, шмат рэпеціравалі, прыдумлялі жарты. У іх было два трэнеры, якія працавалі як са сцэнарам, так і з камандай на сцэне. Гэта Валянціна Табалевіч і Юлія Новікава-Сакалоўская. Суправаджалі рабят у Жодзіна Юлія Новікава-Сакалоўская і Наталля Кудзіновіч (ад школы), Алена Калтовіч (ад РАУС) і Віялета Аўсяннікава (ад упраўлення адукацыі, спорту і турызму).
Дарослыя ў Жодзіне не толькі сачылі за ходам выступу, але і падтрымлівалі каманду маральна. Гэта вельмі дапамагло дзецям трымацца ўпэўнена і вольна.
Капітан Рэнат Табалевіч распавёў, адкуль «прынесла» «ШКВАЛ» і якія ў іх нумары. Сцісла пазнаёміцца з камандай могуць і чытачы: Віка Вараб'ёва - мозг каманды; Данік Табалевіч - сумленне каманды; Кірыл Сёмкін і Яна Рупека - твар каманды; Карына Кішко - самая спартыўная у камандзе; Аня Калтовіч - правая рука трэнера; Жэня Мытнік - чалавек, не прапусціўшы аніводнай рэпетыцыі; Рэнат Табалевіч - самы юны капітан на турніры. Дарэчы, хто глядзіць КВЗ вышэйшай лігі, той ведае стаўшую нядаўна папулярнай тэму жартаў пра крэсла. Так вось, у прывітанні наша каманда дасведчаным шляхам даказала, што выступ з крэслам рэальна смяшней!..
Затым быў «Біятлон». Сэнс яго ў тым, што ўсе каманды чытаюць паводле чаргі свае нарыхтаваныя жарты, і пасля кожнага круга журы выдаляе адну каманду, пакуль не застануцца дзве самыя моцныя. За другое месца даюць 0,8 бала, пераможца атрымлівае 1 бал. У біятлоне наша каманда разам з камандай з Барысава выстаяла да канца! Нашым прысудзілі 0,8 бала.
У «Конкурсе адной песні» ШКВАЛьныя хлопцы распавялі, як добра жыць з мамай, а ў «Хатнім заданні» трохі «пахімічылі» з Вікторыяй Верабей і Данікам Табалевічам.
Па выніках усіх выпрабаванняў наша каманда ўвайшла ў тройку прызёраў, заваяваўшы бронзу. Хлопцы засталіся задаволеныя як сваімi рэзультатам, так і выступамі іншых каманд, а таксама знаёмствам з горадам Жодзіна.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Наталлі Кудзіновіч

