«Dream on» у перакладзе з англійскай мовы - «працягваць марыць». Як патлумачыла ва ўступным слове Алёна Марцьянава, такая назва выбрана для выставы не выпадкова. Чалавек працягвае марыць, нягледзячы на праблемы і стромкія павароты лёсу. І менавіта няпростыя жыццёвыя сітуацыі нярэдка падштурхоўваюць яго да творчасці, да рэалізацыі сябе ў музыцы, літаратуры, мастацтве.
У дзяцінстве, падчас вучобы ў школе мастацтваў, мары Алёны аб персанальнай выставе здаваліся немагчымымі. А сёння яна, адбыўшаяся ўжо мастачка, мае магчымасць не толькі арганізоўваць іх, але і падтрымліваць юныя таленты.
- Я вельмі рада, што дапамагла Ані зрабіць першы крок да вядомасці і прызнання, - кажа мастачка. - У яе карцінах я знайшла дзіўнае сугучча са сваімі - па стылістыцы, колеры. Таму і нарадзілася ідэя зрабіць сумесную выставу. Шчыра веру, што ў дзяўчынкі - вялікая будучыня. Буду з цікавасцю сачыць за яе творчым лёсам.
Ігар Адамовіч. Фота аўтара

