Усяго з клуба «Камiнары» ва ўкраінскі Луцк ездзілі пад кіраўніцтвам трэнера Івана САСУНКЕВIЧА дзевяць рабят, у тым ліку Мацвей Аношка і Арцём Пузанкоў з Чэрвеня.
Бітвы на татамі праходзілі ў дзвюх дысцыплінах - ката і кумітэ. У скарбонку клуба здабыта шэсць медалёў: дзве за 1 месца ў ката, дзве за 2 месца ў кумітэ, адна за 2 месца ў ката і адна за 3 месца ў кумітэ.
Арцём Пузанкоў заняў першае месца ў раздзеле ката ва узроставай групе 9 гадоў. Для яго гэта былі першыя спаборніцтвы такога высокага ўзроўню. Медаль вышэйшай пробы - таксама першая ў біяграфіі юнага каратыста.
- На спаборніцтвах я стараўся рабіць тое, чаму мяне вучыць сэнсэй, - распавёў Арцём. - Ён вучыць быць упэўненым у сабе, мэтанакіраваным і правільна выконваць рухі. Я набраўся вопыту, які дапаможа ў будучыні прыйсці да новых дасягненняў.
Шмат незабыўных уражанняў у хлопцаў засталося і ад самой паездкі. Вось што распавёў Мацвей Аношка:
- Наш трэнер арганізаваў экскурсію па горадзе, у якім мы спаборнічалі. Мы пабывалі ў сутарэннях гісторыка-культурнага запаведніка «Стары Луцк». На беразе ракі Стыр агледзелі дом архітэктара, там вельмі шмат вялікіх і маленькіх скульптур. Я знайшоў новых сяброў, шмат даведаўся пра каратэ і зрабіў выснову, што каратэ - гэта вельмі вялікая праца.
Бацькі Арцёма і Мацвея дзякуюць трэнеру за ўважлівае стаўленне да дзяцей і добрую выхаваўчую працу. Клуб каратэ-до «Камiнары» стаў для рабят другой сям'ёй, дзе ўсе - сябры, браты і таварышы, заўсёды гатовыя дапамагчы адзін аднаму.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Івана САСУНКЕВІЧА

