Першы сакратар амбасады Магдалена Сідаровіч распавяла пра тое, як атрымала ліст з дома-інтэрната з прапановай аб супрацоўніцтве ў ажыццяўленні гуманітарнага праекта па пасадцы пладовых дрэў у Чэрвеньскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Праект выклікаў цікавасць, прадстаўнікі амбасады прыехалі пазнаёміцца, даведацца падрабязней аб заснаванні і пра пражываючых у ім. Магдалена адзначыла, што ім вельмі спадабалася ініцыятыва, мэтанакіраванасць, клопат пра падапечных дырэктара дома-інтэрната Уладзіміра Семяжона. Грошы на набыццё саджанцаў былі вылучаныя.
І вось у апошні дзень кастрычніка дэлегацыя польскіх дыпламатаў прыбыла ў Чэрвень, каб разам з супрацоўнікамі сацыяльнай установы закласці будучы выдатны сад. Уладзімір Іванавіч распавёў, што саджанцы набыты ў беларускім інстытуце пладаводства, яны раянаваны пад нашы кліматычныя ўмовы. Павінны прыжыцца ўсё.
На тэрыторыі саду высаджана ўсяго 1 318 дрэў: яблыні, грушы, слівы. Па перыметры саду будуць расці ягадныя хмызнякі. Маргарыта Сідаровіч заявіла, што амбасада Рэспублікі Польшча мае намер і надалей прымаць удзел у жыцці гэтай сацыяльнай установы. Ва Уладзіміра Іванавіча ўжо ёсць прапановы па далейшым супрацоўніцтве. Бо за садам трэба граматна даглядаць, своечасова апрацоўваць ад шкоднікаў, а плады трэба правільна перапрацаваць, каб захаваць на зіму. Патрэбна магутная сокавыціскалка і абсталяванне для сушкі пладоў.
У памяць пра падзею ў куце саду усталяваны вялізны камень з таблічкай пра яго заснавальніках.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

