І выйшла яна - жанчына, якую многія чэрвенцы ведаюць вельмі добра, - Раіса Георгіеўна Церашонак. Настаўніца фізікі, сакратар райкама камсамола, работнік раённага аддзела адукацыі, выкладчык Чэрвеньскага будаўнічага вучылішча... Фізік з душой лірыка, як называюць яе сябры і знаёмыя. І нездарма: з яе творчасцю падпісчыкі раённай газеты знаёмыя вельмі даўно: у рубрыцы «Чэрвеньшчына лірычная» публікуюцца яе вершы.
На сустрэчу ў клуб «Бонда» Раіса Церашонак прынесла зборнік вершаў - «Роздум», прэзентацыя якога і адбылася ў гэты вечар. У зборніку - у паэтычных радках сабраны думкі паэткі, разважанні пра жыццё ў розных яго праявах. На пытанне, як нараджаюцца вершы, у яе ёсць такі адказ:
“Адчуеш раптам сэрца хваляванне,
Дыханне стоіш… І душа памкнецца…
Цуд адбываецца – з Паэзіяй спатканне!
Шле неба верш. Ён праз цябе ліецца…
Лісток паперы, ручка і ўзнёсласць…
Кладуцца словы роўненька ў радочак.
Патрэбна, мабыць, так Нябёсам –
Узнікаюць вершы яснай ціхай ноччу…
Душа трымціць, вібрыруе, спявае,
Імкнецца вершу асвятліць дарогу…
За тое, што са мною так бывае,
Складаю шчырую пядзяку Богу!”
Гэтым вершам і адкрываецца зборнік. Вершы напісаны на рускай і беларускай мовах. Удзельнікі сустрэчы пачулі ў гэты вечар іх нямала: пра каханне і сяброўства, пра школьныя гады, пра вернасць і шчасце, любові да Радзімы, прыгажосць прыроды. Не пакінула абыякавай паэтку і тэма вайны: адну сваю паэму яна прысвяціла свайму свёкру, партызанскаму сувязному, які быў закатаваны і расстраляны паліцаямі... Вялікi верш прысвечаны асноўным вяха гісторыі - ад Кастрычніцкай рэвалюцыі і да нашых дзён...
Самыя светлыя, часам сумныя, часам вясёлыя, гумарыстычныя вершы прысвечаны ўнучкам - Лiце і Насці.
Выкладаць фізіку - адзін з самых складаных школьных прадметаў - няпроста: трэба дамагчыся, каб матэрыял засвоіў кожны. І тут Раіса Георгіеўна ня гублялася: у яе нараджаліся рыфмаваныя радкі пра трэнні і слізгаценні, аб хуткасці і інэрцыі, пра энергію і сілу... Матэрыял, пададзены ў такім выглядзе, засвойваўся лёгка. Яна падавала яго проста, часам з гумарам, з прыкладамі з жыцця, якія прымушалі вучняў задумацца, вывучаць і любіць гэта прадмет. Любоў да вучняў, павага да кожнага, клопат пра іх таксама знайшлі адлюстраванне ў яе вершах.
Як адзначыла Станіслава Баркоўская, яе сяброўства з Раісай Церашонак доўжыцца ўжо шмат гадоў: - Як прыемна раніцай па тэлефоне пачуць: "Вось, нарадзіўся яшчэ адзін верш". Слухаю з задавальненнем: я - першы слухач! І наогул, творчасць Раісы Георгіеўны - светлая, мудрая, праўдзівая, шчырая. Кожны радок, кадое слова прайшлі праз яе сэрца, сагрэтыя душой, цяплом пачуццяў гэтага светлага чалавека. Калі цяжка на душы, калі неабходна чымсьці падзяліцца, тэлефаную ёй - і ўсё становiцца на свае месцы ад яе мудрых саветаў...
Паўтары гадзіны зносін з гэтым цікавым чалавекам праляцелі непрыкметна. Апладысментамі падзякавалі паэтцы за падораны цудоўны вечар ўсе ўдзельнікі сустрэчы.
Таццяна Марцьянава.Фото аўтара

