Некаторыя гараджане з цікавасцю падыходзілі да валанцёраў, цікавіліся, з якой прычыны пікеты, а даведаўшыся, што мінакоў запрашаюць прыйсці на выбары, і атрымаўшы ў падарунак кішэнныя календары з выбарчай тэматыкай і сцяжкі, ўсміхаліся - справа добрая!
- Не было выпадку, каб я не прыйшоў на выбары, - сказаў малады мужчына, выходзячы з будынка Белпошты. - Мяне так з дзяцінства навучылі бацькі, калі зусім маленькім бралі з сабой на выбарчы ўчастак.
Малады жанчыне з маленькім сынам, якая здзяйсняла пакупкі на гарадскім рынку, удзельнікі мерапрыемства ўручылі сцяжок Чэрвеньскага раёна і нагадалі пра дзень выбараў.
- Мама, а што такое выбары? - пацікавіўся сын.
- Па дарозе растлумачу, - і ўжо нам дадала, - вось для іх і трэба зрабіць свой выбар!
Каля крамы «Трыо» настаўнік з 52-гадовым стажам, перасяленка з Чарнобыльскай зоны Раіса Кротава распавяла, што на працягу многіх гадоў прымае актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі, успомніла, як праходзіла яна ў савецкі час, і падзялілася сваімі развагамі па правядзенні цяперашняй. «Вядома ж, у дзень выбараў я таксама прыйду на свой Барыкiнскi выбарчы ўчастак №59 і прагаласую за годнага кандыдата», - сказала Раіса Іванаўна.
У гэты дзень валанцёры пабывалі ў самых наведвальных месцах горада, тлумачылі жыхарам, дзе можна атрымаць максімальна вычарпальную інфармацыю пра кандыдатаў, а таксама аб мерапрыемствах, якія пройдуць на выбарчых участках 17 лістапада.
- Галоўная задача акцыі «Выбаршчык, усё ў тваіх руках» - павысіць электаральную актыўнасць грамадзян, - адзначыў першы сакратар райкама БРСМ Павел Клындзюк.
Людміла Рабецкая, фота аўтара

