У гэтым годзе адны з найбольш масавых спартыўных спаборніцтваў сабралі дзевяць каманд. Гэта ФК «Барыкіна», «МНС», «СДЮШАР», «РАУС», «Ветэран», «Чырвоная Ніва», «Колас-Дарожнік», «Барыкіна-2» і ФК «Беразіно».
У першы дзень каманды гулялі ў групах. З групы «А», атрымаўшы перамогі над усімі супернікамі, у фінальную частку турніру выйшаў дзеючы ўладальнік Кубка - ФК «Барыкіна», другую пуцёўку заваявала каманда «МНС». У групе «Б» максімальную колькасць ачкоў набралі футбалісты «РАУС», другой стала «Чырвоная Ніва».
Праграму фінальнага этапу спаборніцтваў адкрыў у нядзелю матч паміж барыкiнцамi і «Чырвонай Нівай». Футбалісты «Чырвонай Нівы» адкрылі лік у першым тайме. Але да перапынку ФК «Барыкіна» здолеў адыграцца, а ў другім тайме забіць яшчэ адзін мяч і выйсці ў фінал.
У другім паўфінале каманда «МНС» спачатку аказвала годны супраціў футбалістам «РАУС». Першы тайм сустрэчы завяршыўся з лікам 2:1 на карысць праваахоўнікаў. Аднак на другую палову сустрэчы ў ратавальнікаў відавочна не хапіла сіл, і ў выніку яны пацярпелі разгромнае паражэнне - 1:7.
Затое ў матчы за трэцяе месца футбалісты «МНС» праявілі сапраўдны характар і ў драматычнай барацьбе з лікам 3:2 ўзялі верх над «Чырвонай Нівай».
У фінальнай сустрэчы паміж ФК «Барыкіна» і «РАУС» прыйшлося прабіваць пасляматчавыя штрафныя ўдары, так як асноўны яе час завяршыўся нулявой нічыёй.
І тут фартуна ўсміхнулася камандзе «РАУС». Уладальнікамі пераходзячага Кубка у яе складзе сталі Сяргей Качановіч, Павел Лаўрык, Міхаіл Тарасік, Алег Сушкевіч, Аляксей Ганчарык, Юрый Весялоў, Ілля Тарасевіч, Аляксей Моніч, Андрэй Вяргейчык, Станіслаў Фаміных, Ігар Слыхоўскi і Дзмітрый Трапашко.
Футбалісты каманд, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, атрымалі медалі. Памятныя прызы ўручылі лепшаму гульцу турніру Іллі Тарасевічу («РАУС»), лепшаму варатару турніру Аляксею Монічу («РАУС»), лепшаму абаронцу турніру Андрэю Кірнішнюку («МНС»), лепшаму нападніку турніру Ігару Шмідаву (ФК «Барыкіна»), лепшым ігракам каманд - Сяргею Клімовічу («Чырвоная Ніва»), Уладзіславу Ганчару («МНС»), Дзмітрыю Чыстаму (ФК «Барыкіна») і Станіславу Фаміных («РАУС»). Узнагароджанне футбалістаў правялі жонка Яўгенія Вераб'я Людміла Аляксандраўна і яго ўнук Станіслаў.
Рэдакцыя «Раённага весніка» узнагародзіла падпіскай на газету лепшых гульцоў каманд - Уладзіміра Макейчыка («Чырвоная Ніва»), Андрэя Кірнішнюка («МНС»), Аляксандра Мальцава (ФК «Барыкіна») і Аляксея Ганчарыка («РАУС»).
Ігар Адамовіч. Фота аўтара

