Склад «Паддоннай лодкі»: дзевяцікласнікі Павел Барбук (капітан), Уладзіслаў Дзядзюк, Дар'я Харытонавіч; васьмікласнікі Андрэй Забаўскі і Вольга Курая; шасцікласніца Ганна Сакова і пяцікласнік Ілля Няборскi.
Нягледзячы на тое, што назва каманды кажа хутчэй пра «падарожжа ў глыбінях», чым знаходжанне на Алімпіі, хлопцы забраліся на самы верх турнірнай лесвіцы. «Паддонная лодка», можна сказаць, зрабіла вельмі ўдалы залп, выстараўшыся такім чынам дыплом 1 ступені ў «Сваёй гульні» і дыплом 2 ступені ў «Што? Дзе? Калі?».
Сумарны вынік прынёс чэрвенскім знаўцам чэмпіёнскі кубак сярод ювяналаў.
Варта адзначыць самага юнага ўдзельніка каманды і аднаго з самых юных удзельнікаў усяго турніру, пяцікласніка СШ №4 Іллю Няборскага. Магчыма, ён яшчэ ў сілу свайго ўзросту не набыў такі вялікі багаж ведаў, як яго старэйшыя сябры па камандзе. Але гэта кампенсуецца вялізным жаданнем стаць сапраўдным знаўцам! Як адзначыла трэнер каманды Ірына Вабішчэвіч, у Іллі ёсць пастаянная вялікая цікавасць да ўсяго на свеце, ён убірае інфармацыю з падпаленымі вачамі. І, вядома ж, пры такім імкненні і пры далейшых трэніроўках гэты хлопчык стане сапраўдным знаўцам!
Некалькі слоў трэба сказаць і пра капітана каманды. Паша Барбук ў гэтыя выхадныя апынуўся ў сітуацыі «з карабля на баль», а літаральна «з падлодкі - да зорак»: пятніцу гуляў у «Паддоннай лодцы» ў Мінску, а ўжо ў суботу паспеў перайсці ў склад «Зорачкі», далучыўшыся да дзяўчат-гiмназiстак, якія гулялі на турніры ў Баранавічах. Вось гэта мабільнасць!..
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ірыны Вабішчэвіч

