Прыгожая нявеста, прыбраны жаніх, вясёлыя госці - святочны белы лімузін прыехаў тады на Азёрнаўскi выбарчы ўчастак. Гэты гістарычны для маладой сям'і момант быў адлюстраваны і ў публікацыі раёнкі. Сёння Оля і Лёша прыйшлі на той жа ўчастак без картэжа і без святочнага шуму, але затое з імі быў адзін вельмі дарагі чалавечак, які з'явіўся ўжо пасля выбараў і пасля вяселля. Гэта любімая дачушка Сафія! Ёй цяпер амаль два гадкі. Малая ўважліва сачыла за Оляй, калі тая хадзіла ў кабінку для галасавання: «Куды гэта мама схавалася?!» А потым усё разам апусцілі бюлетэнь у скрыню.
Вольга і Аляксей не сталі распавядаць, чаго чакаюць ад кандыдатаў. Таму што ў іх ёсць свае асабістыя, самыя выдатныя ў жыцці чаканнi, якімі хочацца падзяліцца ў першую чаргу - вясной у маладой сям'і павінна нарадзіцца другое дзiця! Зараз Оля ў дэкрэце з Сафіяй, Лёша працуе ў «Рыбгасе». У іх ёсць жыллё, праца, здароўе, любячыя сваякі, верныя сябры, працавітасць, разважлівасць, планы, мары, а яшчэ - парада ды каханне. Ёсць усё для добрага жыцця, і ёсць да чаго і дзеля чаго імкнуцца. Хлопцы вельмі пазітыўныя, калі яны пакідалі выбарчы ўчастак, паабяцалі яшчэ і ўнукаў сюды на выбары прывесці! А што, чаму б не сустрэцца на тым жа месцы праз дваццаць гадоў?..
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

