У ім прымалі ўдзел: Ніна Боршч, сацыяльны работнік-брыгадзір, прадстаўнік Валевачэўскага і Смілавіцкага сельсаветаў; Галіна Гаргун, сацыяльны работнік Кліноцкага сельсавета; Алена Самсонава, сацыяльны работнік Раваніцкага сельсавета; Таццяна Даўлекамава, сацыяльны работнік і Таццяна Марціновіч, сацыяльны работнік-брыгадзір Чэрвеньскага сельсавета; Вольга Фурс, сацыяльны работнік-брыгадзір Калодзежскага сельсавета; Таццяна Пяхота, сацыяльны работнік-брыгадзір і Святлана Красоўская, сацыяльны работнік Лядзенскага сельсавета.
Кожную канкурсантку падтрымлівала свая каманда - брыгада сацыяльных работнікаў.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Чэрвеньскага райвыканкама Алена Калтовіч. Яна падбадзёрыла удзельніц конкурсу, пажадала ўсім поспехаў. Дырэктар Чэрвеньскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова адзначыла, што ў гэтым годзе конкурс праводзіцца ў пятнаццаты раз і з кожным годам спаборніцтвы сацыяльных работнікаў становяцца ўсё больш цікавымі і дынамічнымі. Яна таксама пажадала канкурсанткам поспехаў і перамогі.
Конкурс складаўся з двух этапаў: першага завочнага - конкурсу творчых прац - і фінальнага. На завочны конкурс ўдзельнікі прадставілі сацыяльныя праекты, якія распрацавалі самі і рэалізоўваюць у працы на участках, якія абслугоўваюць.
Фінальная частка конкурсу ўключала наступныя заданні: «Фантазія» - на працягу 5 хвілін ўдзельнік павінен быў расказаць пра сваё бачанне арганізацыі падтрымкі насельніцтва у сучасных умовах і ў перспектыве, асаблівасці аказання яе ў сваёй мясцовасці, прапанова шляхоў і механізмаў яе ўдасканалення, распрацаваць мадэль працоўнай формы сацыяльнага работніка і эмблему сацыяльнай службы.
Да выканання гэтага задання жанчыны падышлі творча. Хто ў музычнай, хто ў тэатралізаванай форме і, нават, з гумарам прадставілі «рабочую» форму сацыяльнага работніка, эмблему і распавялі пра сваё бачанне ролі сацыяльнага работніка.
У заданні «Эрудыт» ўдзельніцы конкурсу прадэманстравалі тэарэтычную падрыхтоўку. Сацыяльныя работнікі адказалі на 10 пытанняў у выглядзе тэстаў, якія прадугледжвалі веданне нарматыўных прававых актаў у сферы сацыяльнай абароны, сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей, інвалідаў і іншых катэгорый грамадзян.
«Хатняе заданне». Удзельніцы гэтага конкурсу прадстаўлялі матэрыялы, падрыхтаваныя на завочным этапе. Цікавыя і важныя сацыяльныя праекты распрацавалі жанчыны: «Смак да жыцця», «Па закліку сэрца», «Поўная чаша», «Залаты ўзрост», «Відэасувязь», «Клопат і ўвага», «Рух - жыццё» і «Цяпло душы» . Назвы гэтых праектаў кажуць самі за сябе. Іх рэалізацыя накіравана на паляпшэнне якасці жыцця пажылых людзей, дазволіць ім ісці ў нагу з часам, адчуць сябе патрэбнымі грамадству і сваёй сям'і, арганізаваць змястоўны адпачынак.
Самым цікавым было заданне «Творчая майстэрня». Тут жанчыны праявілі ўсе свае таленты: чыталі вершы, спявалі, ставілі сцэнкі. Асабліва спадабаліся гледачам сцэнкі «Рускія бабулі на Бермудах» у выкананні брыгады сацыяльных работнікаў Раваніцкага сельсавета, «Правадыр чырванаскурых», якую паставілі работнікі брыгады Чэрвеня, і «Што я за чалавек?» у пастаноўцы брыгады Калодзежскага сельсавета. Усім спадабалася песня пра Беларусь, якую выканала сацыяльны работнік Марыя Зюлькова, а таксама вершы: «Старая, дзверы зачыні» і «Цешча зяця не кахала».
Як адзначыла Людміла Шаркова, журы было вельмі няпроста вызначыць пераможцаў. У выніку трэцяе месца заняла Вольга Фурс (Калодзежскi сельсавет); другое месца - Алена Самсонава (Раваніцкi сельсавет). Дыплом пераможцы атрымала Таццяна Марціновіч (Чэрвеньскі сельсавет).
Атрымалі пераможцы і грашовыя прэміі: за першае месца - 5 базавых велічынь, за другое - 4 і за трэцяе - 3.
Усім удзельніцам конкурсу старшыня прафкама цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Валянціна Кацько ўручыла падарункі.
Алена Калтовіч і Людміла Шаркова выказалі словы ўдзячнасці ўсім жанчынам за стараннасць, прафесіяналізм, шчырасць і артыстызм.
У перапынках, калі журы падводзіла вынікі конкурсаў, для ўсіх прысутных спяваў Дзяніс Галавенчык.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

