Тым не менш, першыя хвіліны сустрэчы засведчылі, што гуляць з мінчанамі можна. Прынамсі, спачатку госці аддалі ініцыятыву «Коласу-Дарожніку», абраўшы тактыку шчыльнай абароны.
Большую палову першага тайма чэрвенцы правялі ў адчайных спробах адкрыць рахунак. На жаль, захапіўшыся штурмам абарончых рэдутаў «Сталіцы-Юні», нашы юнакі прапусцілі імклівую контратаку: мiнчукі літаральна ў два пасы дайшлі да брамы Ягора Астапава і прымусілі яго даставаць мяч з сеткі.
Але такое развіццё падзей на пляцоўцы не засмуціла гульцоў «Коласа-Дарожніка». Яны працягвалі гуляць у свой футбол і шукаць магчымасці для ўзяцця варот гасцей. А вось другі прапушчаны мяч перавярнуў усё з ног на галаву. У эпізодзе, калі ён забіваўся, было відавочна, што гулец «Сталіцы-Юні» сыграў рукой, аднак суддзя не заўважыў грубага парушэння правілаў. Больш за тое, калі трэнер чэрвенцаў Дзмітрый Чысты справядліва абурыўся памылкай арбітра, яго выдалілі з лаўкі запасных.
На жаль, на гэтым непрыемнасці для «Коласа-Дарожніка» не скончыліся. У другім тайме чырвоную картку за ўдар суперніка зарабіў Арцём Кацько. Мінчане атрымалі на дзве хвіліны колькасную перавагу і рэалізавалі яе, забіўшы трэці мяч. А неўзабаве жоўтай карткай за зрыў перспектыўнай атакі быў пакараны Уладзімір Кутузаў. Паколькі гэта быў для яго другі «гарчычнік» ў матчы, гулец пакінуў пляцоўку.
Яшчэ адзін мяч нашы прапусцілі у пустыя вароты, калі ў канцы сустрэчы вырашылі паспрабаваць «размачыць» галкіпера мінчан, гуляючы ў пяць палявых гульцоў.
Ігар АДАМОВІЧ
Фота аўтара

