У Нацыянальную бібліятэку мы ездзілі нядаўна на экскурсію. Большасць хлопчыкаў і дзяўчынак было з дзевятага «А» класа і чацвёра з майго роднага 11-га «Б».
Вядома ж, мы былі ўражаны бібліятэкай, прычым, і звонку, і знутры. Вонкава яна вельмі прыгожая, незвычайная і сапраўды непаўторная. А ў сваіх сховішчах і выставачных залах захоўвае неацэнныя багаццi, даражэй усякага золата. Там ёсць такія старажытныя кнігі, што іх нават фатаграфаваць нельга, бо святло выбліскаў паступова разбурае старонкі, якім некалькі сотняў гадоў.
Можна сказаць, што бібліятэка - гэта сховішча ўсёй шматвяковай мудрасці, назапашанай нашым беларускім народам.
Усім спадабаліся вялікія светлыя залы і ўсякія дзівоцтвы накшталт шкляных падлог паміж паверхамі. Ну, і само сабой, мы каталіся на аглядным ліфце. Я не ў першы раз была там, і памятаю, што раней было відаць у горадзе больш зеляніны, дрэў. А цяпер усё будоўлі і будоўлі. Але з іншага боку - бо калісьці яны ператворацца ў прыгожыя новыя камфартабельныя мікрараёны! Да таго часу маё пакаленне вырасце, і, магчыма, хтосцi будзе жыць у гэтых дамах.
Мінск з вышыні агляднага ліфта зусім іншы, чым з звычайнага ракурсу. Гэта вельмі цікава - глядзець на горад з вышыні. Мы ўсе, само сабой, фоткаліся на памяць, каб потым успамінаць у сваім утульным маленькім Чэрвені тыя хвіліны, калі перад намі раскрыў свае каштоўнасці сталічны велічны «алмаз».
Ксенія КРАСНАГIР. Фота аўтара

