У спаборніцтвах удзельнічалі клубы з усёй Беларусі. Хлопцы змагаліся па змяшанай сістэме. Спачатку ўсе катэгорыі былі разбітыя на падгрупы па 4-5 чалавек, унутры якіх удзельнікі праводзілі кругавой турнір, а затым лепшыя два спартсмены з кожнай падгрупы выходзілі ў фінальны этап, дзе па алімпійскай сістэме разыгрывалі медалі.
Усе хлопцы атрымалі максімум досведу, што і было галоўнай задачай турніру. Нягледзячы на нешматлікі склад, у скарбонку клуба «Камiнары», у якім займаюцца і каратысты з Чэрвеня, заваявана 2 узнагароды. Павел Асановіч заняў 3 месца ў кумітэ (хлопчыкі 8-9 гадоў -35 кг). Аляксей Андросік заняў 3 месца ў кумітэ (хлопчыкі нявопытныя 8-9 гадоў +30 кг).
Таксама ў турніры выступалі Арцём Пузанкоў, Мацвей Савіцкі і Максім Асановіч. У гэты раз ім не ўдалося выйграць медалі, таму што сапернікі апынуліся трохі мацней. Але Іван Сасункевіч адзначыў, што хлопцы прадэманстравалі баявы дух і годны тэхнічны ўзровень, выканалі ўсе пастаўленыя задачы: «Нічога, што не выйгралі. Так бывае. Гэта спаборніцтвы. Калі я гляджу на старанне Арцёма, Мацвея і Максіма, я разумею, што перамогі не за гарамі!»
А вось што распавяла мама Лёшы Андросіка, Ганна Андросік, пра тое, як сэнсэй натхняе яе сына:
- Наш Лёша займаецца каратэ другі год. Першы час ён хадзіў на трэніроўкі з вялікім задавальненнем, пакуль было ўсё новае і цікавае. Потым быў момант, калі пачаў ленавацца, прасіў прапусціць трэніроўку. Мы з бацькам заўсёды яму казалі, што прапускаць нельга, маўляў, мужчыне трэба ўмець трываць, і заўсёды трэба даводзіць пачатае да канца, і што цяжка ў вучэнні - лёгка ў баі. Лёшка прыслухаўся, зноў пачаў хадзіць з вялікім задавальненнем, не прапускае ніводнай трэніроўкі.
Зараз у нашай скарбонцы ўжо 3 медалі: дзве бронзы і адно срэбра. Нягледзячы на тое, што спаборніцтвы, якія праходзілі ў «Мінск-Арэне» ў нядзелю, не былі першымі, але яны сталі самымі хвалюючымі! Хлопцы, якія выйшлі ў фінал, разыгрывалі медалі па алімпійскай сістэме. У Лёшы было 4 баi. Трэці з іх для нас быў самы нервовы і хвалюючы, і вось чаму.
Перад гэтым Лёша выйграў два першыя баi. У трэцім спачатку таксама выйграваў, а потым пачаў прайграваць. Я ўжо страціла надзею, пра сябе думала: «Нічога, і так выдатна выступіў... Ён жа пачатковец... Зараз паедзем у «Макдональдс»... Суцешу яго...»
Наш сэнсэй, як, зрэшты, і іншыя, амаль заўсёды падчас бою знаходзіцца побач, дае парады, рэкамендацыі. Але падчас трэцяга Лёшынага бою на суседнім татамі быў выступ іншага яго выхаванца, і Іван Аляксандравіч бегаў ад аднаго татамі да іншага, проста разрываўся. І вось калі заставалася ўсяго толькі некалькі секунд да канца бою, наш сэнсэй як быццам адчуў, што менавіта ў гэты час яму трэба быць з Лёшам, што патрэбна дапамога. Ён прыбег і стаў крычаць Лёшы «запаветныя» словы. І літаральна за пару імгненняў нібы ўдыхнуў у нашага хлопчыка новыя сілы і веру ў сябе. Лёша яго пачуў і - неверагодна! - змог выйграць!!! Гэта і прынесла медаль у турніры!
Аказалася, што сэнсэй ў той момант нават больш, чым мы з бацькам, верыў у нашага сына і ведаў, як яго натхніць! Я думаю, гэта якасць сапраўднага Настаўніка. Мы ўдзячныя трэнеру, вельмі рады, што Лёшка ў яго займаецца, і думаем, у нас яшчэ наперадзе шмат перамог».
Усе чэрвеньскія хлопцы атрымалі бясцэнны вопыт і матывацыю для далейшых бітваў. Віншуем нашых прызёраў і ўдзельнікаў турніру і жадаем поспехаў у новых спаборніцтвах!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ганны Андросік

