"Наша бяда - псіхалогія. Мы, аграрыі, пачынаем ныць: а вось нам цяжка. Дворнік (віцэ-прэм'ер. - Заўвага БЕЛТА) ходзіць, думае: так, сапраўды. Увайшоў у становішча. Трэба ім дапамагаць. Бяжыць да мяне, мяне пераконвае. Я таксама думаю: так, трэба дапамагаць. А ён сядзіць і рукі пацірае, пасмейваецца: вось я напружыў - мне далі. Усё, дурніца павінна быць скончана", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандру Лукашэнку было даложана аб выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці, у прыватнасці, Лагойскага раёна. Закраналася тэма пасяўной. Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Дворнік праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі з унясеннем угнаенняў. Паводле яго слоў, у гэтым годзе гаспадаркі рэгіёна лепш забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, чым у мінулым - плюс 17 працэнтаў да ўзроўню 2018-га. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што дадатную дынаміку трэба абавязкова захаваць і ў далейшым. Прэзідэнт паставіў задачу, каб у наступным годзе ўзровень забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі быў не меншы за 110 працэнтаў да ўзроўню 2019 года. "Мы разумеем, хто за гэта павінен адказваць. Першы віцэ-прэм'ер і прэм'ер сядзяць і лічаць грошы... Трэба напружвацца і шукаць гэтыя грошы, а рукамі разводзіць і гаварыць, што нельга - тады нічога і не будзе", - сказаў ён. Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць па максімуму выкарыстоўваць арганічныя ўгнаенні акрамя мінеральных.
Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў асаблівую ўвагу рабоце тых гаспадарак Лагойскага раёна, якія раней былі перададзены ў якасці падшэфных арганізацый буйным прадпрыемствам і прыватным структурам. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі эфектыўна яны працуюць, і даручыў правесці іх рэвізію. "Хачу паглядзець, як гэтыя падшэфныя, гаворачы па-даўнейшаму, гаспадаркі працуюць. Думаю, трэба каго-небудзь яшчэ дагрузіць дадаткова калгасамі, саўгасамі. Дапусцім, МТЗ або "Беларуснафту", - адзначыў Прэзідэнт. Ён выказаў перакананасць, што такія меры дадуць магчымасць хутчэй вывесці на эфектыўную работу адстаючыя гаспадаркі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на асобым кантролі з боку дзяржавы, які будзе ўстаноўлены за дзейнасцю такіх гаспадарак. Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як у Лагойскім раёне працуюць гаспадаркі, якія перададзены пад шэфства прыватным кампаніям. Ён падкрэсліў, што развіццё такога ўзаемадзеяння з прыватнымі структурамі магчыма толькі ў выпадку іх эфектыўнай і плённай працы на зямлі.
У час рабочай паездкі кіраўніку дзяржавы была прадэманстравана работа новых узораў сельскагаспадарчай тэхнікі. Асаблівую зацікаўленасць у Аляксандра Лукашэнкі выклікала работа трактара МТЗ на электрычнай цязе. Ён аснашчаны не толькі традыцыйным дызельным рухавіком, але і электратрансмісіяй, што дае магчымасць эканоміць паліва. Прэзідэнт даручыў дадаткова вывучыць магчымасці гэтага ўзору і перспектыўнасць яго далейшага выкарыстання, а таксама паставіў задачу прааналізаваць, ці магчыма наладзіць вытворчасць дэталей, кампанентаў і вузлоў, якія пакуль імпартуюцца. У якасці эксперыментальнай пляцоўкі для новага трактара Прэзідэнт прапанаваў выкарыстаць сваю прысядзібную гаспадарку.
Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў жывёлагадоўчы комплекс сельскагаспадарчага цэха "Гайна" Мінскага трактарнага завода і машынны двор сельскагаспадарчага комплексу "Астрошыцы", які адносіцца да Мінскага камбіната хлебапрадуктаў. Акрамя абмеркавання практычных аспектаў у рабоце гаспадарак, іх вытворчых паказчыкаў размова ішла аб неабходнасці пашырэння практыкі замацавання стратных гаспадарак за буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі.

