Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 841

23 Май 2019

Лукашэнка патрабуе прымяняць жорсткія санкцыі да інвестараў за зрыў абавязацельстваў

Да інвестараў, якія зрываюць свае абавязацельствы, неабходна прымяняць жорсткія санкцыі. Гэтага запатрабаваў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час азнаямлення з добраўпарадкаваннем і развіццём тэрыторый, якія прылягаюць да кальцавой аўтадарогі вакол Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу папярэдзіць: калі з інвестарам дамовіліся, ён павінен выконваць свае абавязацельствы. Калі не - павінны быць жорсткія санкцыі. А то ў нас так: калі не атрымалася, давайце пойдзем да Прэзідэнта - перапрафілюем. Хопіць займацца гэтым перапрафіляваннем. Не зрабіў - будзь ласкавы несці адказнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрміны будаўніцтва і знешняга добраўпарадкавання аб'ектаў ні ў якім разе не павінны перавышаць трох гадоў. "Гэта датычыцца і дамоў, і іншых аб'ектаў, якія будуем. Што гэта за справа: вёска як вёска, вуліца як вуліца - не, нейкі інвестар узяў зямлю і развёў будоўлю на пяць-сем гадоў. Машыны туды едуць - пыл, гразь. Гэта ненармальна. Калі ты хочаш пабудаваць дом або які-небудзь аб'ект - калі ласка, вось табе ўчастак, ты падрыхтуйся для таго, каб можна было будаваць (перш за ўсё фінансава), і максімум за тры гады пабудуй аб'ект, добраўпарадкуй. Унутры можаш нават не рабіць - гэта твая справа. Галоўнае, каб знешне было нармальна, добраўпарадкавана і людзям не перашкаджала", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Вы навядзіце парадак у Мінску і абласцях. А Анфімаву (старшыня КДК Леанід Анфімаў. - Заўвага БЕЛТА) трэба паглядзець не некаторыя такія даўгабуды і сяго-таго правучыць ці навучыць. Калі яны ўзялі і не хочуць будаваць - канфіскаваць гэтыя ўчасткі, каб непанадна іншым было. Глядзіце, каб у нас не было гэтага гандлю: вы выдзелілі яму ўчастак, ён яго пачынае перапрадаваць і кішэні на гэтым набіваць. Гэтага быць не павінна. Узяў участак - ідзі будуй, не хочаш - вярні назад з пэўнай адказнасцю за тое, што ты не зрабіў таго, для чаго атрымліваў гэты ўчастак. Тут нам трэба наводзіць парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнікі вобласці і горада праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку аб развіцці прылеглых да МКАД тэрыторый, будаўніцтве новых аб'ектаў і новых інвестыцыйных праектах. Яны заўважылі, што з боку інвестараў ёсць шэраг парушэнняў, напрыклад, зацягваюцца тэрміны будаўніцтва або яно наогул прыпыняецца. "Як толькі пачалі канфіскацыю ўчасткаў, яны сталі пачынаць будаўніцтва. Мы далі штуршок, і пайшоў рух", - канстатаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён расказаў кіраўніку дзяржавы аб наяўнасці свабодных пляцовак на тэрыторыі вобласці і магчымых праектах, якія могуць быць рэалізаваны там.

Такія ж праблемы ёсць і ў Мінска. На яго тэрыторыі знаходзяцца 55 пляцовак, на іх з 2014 года пабудавана 10 аб'ектаў, яшчэ 14 будуюцца і 11 праектуюцца. Астатнія патрабуюць карэкціроўкі, у тым ліку з боку гарадскіх улад. "Значыць, гэта ўжо вы вінаватыя ў тым, што запланавалі і не рабілі там нічога, а цяпер прапануеце па-новаму. Гэтага таксама дапускаць нельга", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць