Першае ў гэтым годзе пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” яго ўдзельнікі адкрылі хвілінай маўчання ў гонар памяці былога старшыні клуба шаноўнага Дарагужа Уладзіміра Георгіевіча.
Бібліятэкары зачыталінайбольш яркія ўрыўкі са зборніка яго прозы “Каменьчыкі ў агарод”, затым сябры клуба узгадалі, якім асабіста для кожнага ў памяці застаўся Уладзімір Георгіевіч. Настаўнікі роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч і Уладзімір Адамовіч адзначылі, штогэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, які цікавіўся ўсім новым, ведаў некалькі моў, за летнія месяцы на памяць вывучваў па дваццаць вершаў у 83 гады!
Леанід Шофман і Ксенія Баталіна прыгадаліяго, як чалавека глыбокага інтэлекту, уважлівага, добрага сябра. Анатоль Турбал узгадаў школьныя гады, калі Уладзімір Георгіевіч быў яго настаўнікам, а класным кіраўніком - яго маці. Людміла Турбал прадэкламавала любімы верш старшыні клуба з паэзіі Максіма Багдановіча “Пагоня”. Зоя Сушкевіч прыгадала, што ўпершыню пазнаёмілася з Уладзімірам Георгіевічам на пасяджэнні клуба амаль 30 гадоў таму, а Уладзімір Шатэрнік ведаў яго ўжо з 1961 года. У памяць аб старшыні клуба Наталляй Жданок быў напісаны верш. Пранікнёныя радкі, якія з замілаваннем ішлі ад душы і сэрца аўтара, з задавальненнем былі ўспрыняты прысутнымі. Узнагародай за верш прагучалі апладысменты.
Другую частку пасяджэння клуба - літаратурную гасцёўню “Ён любіў Беларусь нашу мілую” - прысвяцілі творчасці вядомага беларускага пісьменніка, перакладчыка, Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Янкі Сіпакова. Пра яго жыццё і творчасць распавёў Яўген Несцяровіч, які быў аднакурснікам Сіпакова, толькі вучыліся яны на розных факультэтах. Яўген Антонавіч на філалагічным, а будучы пісьменнік на факультэце журналістыкі. Жылі ў адным і тым жа інтэрнаце. Яўген Несцяровіч засяродзіў увагу сяброў клуба на рамане ў апавяданнях “Зубрэвіцкая сага”. Узгадаў кнігу-эсэ пра Беларусь “Зялёны лісток на планеце Зямля”. Прадэманстраваў з асабістай бібліятэкі першы паэтычны зборнік Янкі Сіпакова “Сонечны дождж”, які выйшаў у 1960 годзе. Потым удзельнікі сустрэчы праслухалі ў запісу вянок санетаў “Жанчына” Я.Сіпакова ў выкананні Уладзіміра Рагаўцова. На заканчэнне літаратурнай гасцёўні гучалі паэтычныя радкі аўтара ў выкананні сяброў клуба Васілія Шачка, Таццяны Гаўрыльчык, Сафіі Картавусавай і іншых.
Наступная сустрэча ў клубе “Ветразь” адбудзецца ў апошнюю сераду лютага. Яна будзе прысвечана дзеячу самадзейнага мастацтва, Заслужанаму работніку культуры Беларусі, нашаму земляку Альфрэду Шутаву і Міжнароднаму дню роднай мовы.
СВЯТЛАНА ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.