Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
05 Студзень 2018

«Рака майго жыцця»

«Рака майго жыцця» - пад такой назвай прайшла вечарына, прысвечаная гадавіне памяці краязнаўца Уладзіміра Дарагужа. На ёй была прэзентавана адніменная кніга Уладзіміра Георгіевіча, які на працягу 30-ці гадоў быў старшынёй літаратурна-паэтычнага клуба ”Ветразь”. Мерапрыемства падрыхтавалі загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ніціеўская Г.А. і бібліятэкар Адамовіч А.І. Матэрыялы, змешчаныя ў кнізе, раней друкаваліся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, а таксама на старонках былой газеты “ Уперад”, цяперашняй “ Раённы веснік”.

Гэта крапатліва збіралася і сістэматызавалася аўтарам на працягу многіх гадоў, вывучалася ў навуковых гістарычных выданнях. У кнізе прыводзяцца вытрымкі з твораў краязнаўцаў Аляксандра Ельскага і Паўла Шпілеўскага. Таксама змешчана ў ёй гісторыя рода Дарагужоў, дапоўнена здымкамі аўтара ў  розныя гады. Уладзімір Георгіевіч - выхадзец з  шляхецкага роду Забельскіх, які меў назву “ Тшаска” (Trzaska). Ён ўзнік у ХІІІ стагоддзі ў Польшчы, а да нас прыйшоў у ХV стагоддзі. Забельскія – шляхта вайсковага саслоўя, якая ў Вялікім княстве Літоўскім складала больш за10 адсоткаў насельніцтва.

Успамін дзяцінства: малым хлапчуком разам з маці хадзіў на раку Ігуменку і бачыў як яе спрамлялі. Дарослым даведаўся, што там працавалі зняволеныя пад наглядам байцоў НКУС. Помніў, што ў я яго юным і маладым узросце ( 40-я і 50-я гг.) рака была глыбокай і крыніцы былі з чыстай і гаючай вадой.

Цікавыя звесткі ёсць пра рачулку, што выцякае з возера Дзікае і нясе ваду ў раку Ігуменку і прыток яе ля вёскі Шалашы.

Змястоўныя звесткі прыводзяцца Уладзімірам Георгіевічам пра гісторыю роднага горада. Грунтоўна піша пра падзеі Першай сусветнай вайны і лёс сваіх землякоў, выбраныя ім з навуковых прац і ўспамінаў сведкаў.  Помніць падзеі, калі ў лютым 1942 года ва ўрочышчы Глінішча былі расстраляны 2000 людзей яўрэйскай нацыянальнасці, сярод іх былі аднакласнікі, якія разам з ім вучыліся ў першым класе. Уладзімір Георгіевіч не мог раўнадушна глядзець, як разбураўся касцёл Святога Антонія і палац Слатвінскіх у Раванічах, а гэта месца адно з яго малых радзім. У Раванічскай школе яго маці працавала настаўніцай, а бацька быў дырэктарам. Хваляваў яго і лёс гісторыка-культурных каштоўнасцяў – курганоў. З гэтым пытаннем звяртаўся ў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, прасіў узяць іх на ўлік і ахоўваць.

Шмат здымкаў было зроблена ім у 80-я гады, хоць і не было ў той час відэатэхнікі. Фатаграфаваў усё: архітэктурныя помнікі, паркі, гарадзішчы, курганы. Не пакідаў без увагі сельскія гаспадаркі, прамысловыя прадпрыемствы, установы адукацыі, культуры, медыцыны, гандлю. Яго каштоўныя матэрыялы пакінуць творчы след будучым пакаленням аб падзеях культурнага і грамадскага жыцця. Ён аўтар кніг “ Курапаты Чэрвеньшчыны”, “Каменьчыкі ў агарод”, твораў, змешчаных у першым і другім выпусках зборніка “ Мая Ігуменшчына”.

Успамінамі пра Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа як чалавека інтэлігентнага, адданага сваёй радзіме, рупліўцу-асветніка, няўрымслівага, актыўнага, напоўненага шматлікімі  энцыклапедычнымі ведамі, цікаўным да ўсяго новага, што адбываецца ў свеце, любячага  родную мову і культурную спадчыну дзяліліся ўдзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”: Адамовіч У.П., Турбал А.С., Несцяровіч Я.А., Капанец А.А., Клаўсуць Я.У., Сушкевіч З.А., Гурына С.М.

Бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі – Алена Шульга