“Бог і Край бацькоўскі” – такую назву меў літаратурна-музычны вечар, які прайшоў у рамках літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. На пасяджэнні ішла гаворка пра творчасць паэта-песенніка Уладзіміра Пецюкевіча. Ён параднёны з Чэрвеньшчынай праз сваю жонку Аксану, родзічы якой з вёскі Красны Дар. Вельмі падрабязна з жыццём і творчасцю паэта, якому у гэтым годзе споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння, усіх прысутных пазнаёміў былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч. Уладзімір Паўлавіч прадставіў кнігу этнаграфічных нарысаў “Сляды незабыўныя продкаў” дзядзькі паэта - Мар’яна Пецюкевіча. Узнёсла і эмацыянальна прачытаў вершы юбіляра. Паэтычныя радкі творцы таксама прагучалі ў выкананні сяброў клуба Людмілы Чаркоўскай, Аляксандры Раманьковай, Кацярыны Дадалка, Сафіі Кайрыс, Ганны Сірэнскай, Сафіі Картавусавай, Марыі Чаган і Васілія Шачка. Удзельнікі клуба з вялікім захапленнем паслухалі мілагучныя песні на словы Уладзіміра Пецюкевіча “Зарніцы”, “Азярцо”, “Рэха жураўлінае”, “Голуб галубку цалуе” і іншыя ў выкананні артыстаў беларускай эстрады.
На сустрэчы прысутнічаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Ярашэвіч. Ён расказаў пра юбіляра ўсё тое, што ведаў. Прачытаў яго вершы. А потым па просьбе ўдзельнікаў клуба прачытаў свае вершы, прысвечаныя роднай старонцы, роднаму краю.
Затым у рубрыцы “Наш каляндар” разгледзелі творчасць Эдуарда Валасевіча. У гэтым годзе паэту-байкапісцу споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Сябры клуба чыталі сатырычныя творы юбіляра, у якіх востра крытыкуюцца недахопы грамадства “Конь і певень”, “Залатая рыбка”, “Узнагароды”, “Хама” і іншыя.
Напрыканцы сустрэчы прагучала музычная кампазіцыя ў выкананні сябра клуба Анатоля Турбала. Удзельнікі клуба яе ўспрынялі з вялікім задавальненнем.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара.