Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
17 Май 2018

Беларусь турыстычная

Пад такой назвай прайшла сустрэча ў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, прысвечаная Году малой радзімы. Госцем і экскурсаводам у гэтым віртуальным падарожжы была навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, кіраўнік краязнаўчага клуба “Бонда” Станіслава Баркоўская. Яна пазнаёміла прысутных з маршрутамі, па якіх можна вандраваць па нашай краіне. Шматлікія фотаздымкі некаторых знакамітых, чароўных і непаўторных мясцін Беларусі, знятых у час яе вандраванняў па Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях былі прадстаўлены на мультымедыйнай устаноўцы.

Дух захоплівае ад рэдкай прыгажосці помніка архітэктуры Гервяцкага Троіцкага касцёла Астравецкага раёна. Пабудаваны з чырвонай цэглы, ён адзін з самых высокіх ў Беларусі.

Помнік архітэктуры – Міхайлаўская царква (канец ХV-пачатак ХVІст.) у вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна. Неспакойнае жыццё тых часоў вымушала нават цэрвкы будаваць як крэпасці: тоўстыя сцены і малыя бакавыя вокны.

Перад вачыма  паўсталі велічныя храмы бацькі беларускіх гарадоў - Полацка. Менавіта ў гэтым горадзе знаходзіцца старажытны  Сафійскі  сабор, які пачаў будавацца пры Усяславу Чарадзею. У Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву, заснаваную ў ХІІ стагодзі самой княжной Прадславай Еўфрасінняй Полацкай, прыяжджае мноства людзей.

Горад Глыбокае таксама ўражвае помнікамі культавай архітэктуры. Захаваўся тут Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (1639-1654), галоўнай святыняй якога з’яўляецца ікона Багародзіцы “Достойно есть” - падарунак афінскіх інакаў. Гонар горада — Троіцкі касцёл (1764-1782гг.).  Цешаць турыстаў у Глыбокім і сядзіба Віттэнштэйнаў канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў, і аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны Мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 года.  Незабыўны след пакінуў у памяці касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна, які быў пабудаваны ў 1914 годзе і функцыяніраваў на працягу ўсёй сваёй гісторыі.

Уражвае сваёй прыгажосцю Браслаў. Яго архітэктурныя помнікі Троіцкі касцёл пасёлка Відзы, кляштар Бернардзінцаў пасёлка Друя.

У чэрвені гэтага года клуб “Бонда” плануе вандроўку на Ушаччыну. Трэба сказаць, што гэты край – радзіма пісьменніка, нашага земляка Генадзя Аўласенкі. У вандроўку па цудоўных мясцінах нашй краіны госця запрасіла ўсіх жадаючых.

Бібліятэкары прадставілі літаратуру на адпаведную тэму, удакладнілі, якія даведнікі могуць быць асабліва карыснымі для аматараў вывучэння сваёй радзімы, запрасілі вандроўнікаў карыстацца турыстычнай і краязнаўчай літаратурай бібліятэчнага фонду.

                                  Алена Шульга,

бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі