Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
25 Май 2018

Свята для бабуль

Да Дня сям’і цэнтральная раённая бібліятэка сумесна з раённай ветэранскай арганізацыяй і “Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа” ладзілі святочнае мерапрыемства для бабуль “У імя дабрыні”.

На свята жанчыны-бабулі прыйшлі са сваімі ўнукамі. Сустрэча праходзіла ў забаўляльна – конкурснай форме “А ну, бабулі”. Трэба было падрыхтаваць прэзентацыю “Сямейны партрэт”, якая расказала б пра генеалагічнае дрэва сям’і, яе традыцыях і рэліквіях. Усіх прыемна ўразіў расповед  Галіны Ворнік з вёскі Горкаўская Слабада пра свой радавод. Галіна Аляксандраўна паведаміла, што да апошняга калена ў іх родзе былі адны хлопцы і цікава тое, што ў гаспадарцы таксама прыплоды былі мужчынскага роду. І толькі ў апошнім пакаленні, у яе двух сыноў (а ўсіх трое) нарадзіліся дочкі. Яна падрыхтавала некалькі з густам агучаных відэапрэзентацый аб сваім жыцці, сям’і, дзецях, унуках. Паведаміла пра сваё захапленне фотаздымкамі.  Вельмі смешнымі былі ўспаміны маладосці, калі яна жыла ў вёсцы  Слабада на мяжы Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Быў такі выпадак, калі дзяўчаты вельмі хацелі выйсці замуж, а ніяк не атрымоўвалася. На дапамогу ім прыйшлі сталыя жыхары вёскі з прапановай. Трэба было зрабіць наступнае – украсці мужчынскія штаны і з імі аббегчы ўсю вёску. Што і зрабілі. А ўвосень усе восем дзяўчат выйшлі замуж. А яшчэ цікавыя звесткі засталіся ад маці Галіны Ворнік, калі тая была на сенажаці ў вёсцы Клінок. Яна чула і бачыла, як цудоўна спявалі кліноцкія жанчыны, і як былі прыгожа апрануты. Жанчыны ішлі на працу, як на свята – у бялюткім вышываным адзенні, а на галовы павязвалі хусткі ў кветкі па кайме.

Затым свой радавод прадставіла Зоя Сушкевіч. Яна распавяла пра сваю сям’ю: сына, нявестку і ўнукаў. Шмат прадэманстравала сямейных фотаздымкаў (некаторыя з іх зробленыя яшчэ да рэвалюцыі) і маюць гістарычную каштоўнасць. Род Сушкевічаў шляхецкі. Зоя Альбертаўна пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з вельмі цікавымі звесткамі, якія перакрыжоўваюцца з гісторыяй Ігумена. Потым распавяла пра сваё хобі. Гэта – вышыванне карцін з бісеру. У асноўным усе свае вышыўкі яна дорыць сваім родным і блізкім, сябрам і знаёмым.

Нягледзячы на тое, што жыццё ў Зоі Альбертаўны і Галіны Аляксандраўны складвалася не проста (былі старэйшымі ў сваіх шматдзетных сем’ях) – яны захавалі душэўную цеплыню, неабыякавасць да людзей, актыўнасць і адкрытасць да стасункаў з людзьмі і да ўсяго новага, цікавага.

Сустрэча закончылася песнямі за кубачкам гарбаты. Актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі падарункі. Іх уручыла старшыня раённага аб’яднання “Беларускага Таварыства Чырвоны Крыж” Любоў Джафарава. 

Святалана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара