Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
07 Чэрвень 2018

Прысвяцілі юбілярам

Майскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. “Гонар і сумленне Беларусі” – так называлася літаратурная гасцёўня, якая была прымеркавана да 70-годдзя з дня  нараджэння беларускай пісьменніцы, лаурэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч. Цікавыя звесткі пра жыццё і творчасць юбіляркі падрыхтаваў былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч.

Яны закранулі душы і сэрцы ўсіх удзельнікаў клуба. Уладзімір Паўлавіч пазнаёміў прысутных з яе вельмі трапнымі выказваннямі: “любоў дае сілы”, “любоў даецца каб не страшна было паміраць”, “жыццёвая філасофія прадпрымальнікаў – атрымліваць асалоду ад жыцця”, “чалавек не змяняецца”… Паведаміў пра тое, што пісьменніца любіць разглядваць людзей, слухаць раніцу. Свой юбілей Нобелеўскі лаурэат адзначыла ў вёсцы з унучкай і сяброўкай. Яна сумуе, што бацькі не дажылі да радаснай падзеі ў жыцці дачкі. Прыгадвае  бабулю і дзядулю, з кім вучылася і сябруе… Уладзімір Адамовіч адзначыў, што праблемы, якія падымае Святлана Алексіевіч у сваёй творчасці – вечныя, яны тычацца кожнага чалавека.

Сябра клуба Яўген Несцяровіч адзначыў, што пісьменніца была адкрытай і справядлівай, любіла гуманітарныя навукі, многім людзям дапамагала матэрыяльна…

На пасяджэнні гучалі ўрыўкі з вядомых твораў Святланы Алексіевіч: “У вайны не жаночае аблічча”, “Апошнія сведкі”, “Чарнобыльская малітва”, “Цынкавыя хлопчыкі”. Да слёз крануў урывак з кнігі “Чарнобыльская малітва” у выкананні Людмілы Чаркоўскай, прысвечаны ліквідатарам Чарнобыльскай АЭС і іх каханым.

Пра жахі вайны ў Афганістане прачытала Аляксандра Раманькова і прывяла прыклад з жыцця маладога хлопца, жыццё якога трагічна абарвалася. Зоя Сушкевіч прачытала ўрывак з твора “У вайны не жаночае аблічча” пра ўчынкі партызан у дачыненні да мірных людзей і пацвердзіла (з успамінаў сваіх бацькоў), што так было на самой справе.

Кранальнымі таксама былі выступленні сяброў клуба Сафіі Картавусавай, Васіля Шачка, Кацярыны Дадалка, Лідзіі Пыка, Марыі Чаган.

У рубрыцы “Наш каляндар” гаворка ішла пра беларускага пісьменніка, нашага земляка Міхася Пянкрата. У гэтым годзе яму споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння. Пра творчасць юбіляра ўдзельнікам пасяджэння паведаміла бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Шульга. Міхась Пянкрат нарадзіўся ў в. Карпілаўка (каля в. Хутар) Чэрвеньскага раёна. Ён аўтар сатырычных і гумарыстычных зборнікаў, зборнікаў апавяданняў для дзяцей, а таксама гісторыка – эканамічнага нарыса “Чэрвень”. Яна расказала, што наш зямляк вельмі любіў сваю малую Радзіму. Гэта адчуваеш, калі чытаеш верш “Чэрвеньшчына мая”:

І  якія б мяне не сустрэлі нягоды,—

Клянуся, любімая, я: да цябе я вярнуся

І ўжо назаўсёды, Чэрвеньшчына мая.

Калі яго не стала, а гэта адбылося ў жніўні 2001 года, здзейснілі яго запавет – пахавалі на роднай бацькоўскай зямлі.

Міхася Пянкрата ведаў сябра клуба “Ветразь” Анатоль Турбал. Яго бацька Сцяпан Лук’янавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны быў разам з пісьменнікам у брыгадзе “Чырвоны Сцяг”. Анатоль Сцяпанавіч узгадаў Пятра Сакава, які быў кіраўніком краязнаўчага музея ў Хутарскай сярэдняй школе. Менавіта ў ім ёсць куточак, прысвечаны творчасці пісьменніка. Анатолю Турбалу пашчасціла мець у асабістай бібліятэцы першы зборнік вершаў паэта “Салаўіны бераг” 1956 года, які быў для яго самым каштоўным і дарагім. З гэтага зборніка ў выкананні творчага дуэта Анатоля і Людмілы Турбал гучалі вершы юбіляра “Ведрыцкія напевы”, “Падарунак”, “Гарманіст”, “Землякі”. А потым у іх выкананні прагучала меладычная песня “Дубок” на словы М.Пянкрата.

Сваімі ўспамінамі пра пісьменніка падзяліліся таксама Яўген Несцяровіч і Тамара Ганчарык.

Вельмі прыемна, што на пасяджэнні клуба прыходзяць новыя удзельнікі, аматары літаратуры. На гэтай сустрэчы ўпершыню не толькі прысутнічала, але і прымала актыўны ўдзел Галіна Ворнік з в. Горкаўская Слабада. Мы заўсёды рады бачыць новых прыхільнікаў літаратуры ў сваім клубе.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара