Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
02 Кастрычнік 2018

«Мая душа аж да краёў паўна…»

Гэта радок з верша паэтэсы Наталлі Арсенневай, якім ўдзельнікі клуба “Ветразь” назвалі паэтычны вечар у яе гонар. У гэтым годзе споўнілася 115 гадоў з дня яе нараджэння.

Вельмі цікавыя звесткі пра Наталлю Аляксееўну падрыхтаваў былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч. Ён адзначыў, што ўсё было ў яе жыцці за 94 пражытыя гады. У 12 гадоў яна напісала свой першы верш, у 19 выйшла замуж, пабыла ў ссылцы ў Казахстане, рабіла ў калгасе… Уладзімір Паўлавіч узгадаў трох Максімаў і двух Антонаў, якіх любіла паэтка за іх творчасць і чалавечыя якасці. Гэта – Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Максім Танк, Антон Луцкевіч і Антон Адамовіч. Выразна і пранікнёна ў выкананні Уладзіміра Паўлавіча прагучаў верш юбіляркі “Жыве Беларусь”.

Пра жыццё і творчасць Наталлі Арсенневай і яе мужа ў гады ваеннага ліхалецця падрабязна распавёў сябра клуба Яўген Несцяровіч. Ваенная тэматыка выклікала інтарэс ва ўдзельнікаў клуба. Завязалася дыскусія. У час свайго расповеду Яўген Антонавіч прадставіў кнігу Кастуся Акулы “Няпростыя дарогі” і прачытаў верш паэткі “Малітва”.

Анатоль Турбал узгадаў тыя гады, калі быў удзельнікам Натальеўскага хору пад кіраўніцтвам Альфрэда Шутава. У іх рэпертуары была песня на словы юбіляркі“Магутны Божа”, якую яны спявалі акапэльна ў г. Мар’іна Горка на падцвярджэнне звання народнага.

Потым сябры клуба Марыя Чаган, Лідзія Пыка, Васіль Шачок, Людміла Турбал, Ганна Чуган чыталі вершы Наталлі Арсенневай пра Беларусь, прыроду, мэту жыцця, духоўнасць. Напрыканцы сустрэчы паслухалі запіс песні “Магутны Божа”.

Рубрыка “Наш каляндар” была прысвечана 60-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Адама Глобуса. Пра яго жыццё і творчасць распавяла бібліёграф Алена Шульга. Удзельнікі клуба даведаліся, што Адам – сын пісьменніка Вячаслава Адамчыка. Сябры клуба Сафія Картавусава і Галіна Баравік вельмі цудоўна прачыталі вершы А.Глобуса “Смык” і “Змены”. З усмешкай успрынялі ўдзельнікі клуба паэтычныя радкі юбіляра “Варона” і “Бык” у выкананні Уладзіміра Адамовіча.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела  абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара