Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
19 Кастрычнік 2018

Я гімны маці пяю

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў паэтычны час, прысвечаны Дню маці - “Я гімны маці пяю”.

На пачатку сустрэчы бібліятэкары павіншавалі яе ўдзельнікаў са святам. Потым гучалі вершы беларускіх паэтаў Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Адама Русака, Ніны Мацяш, Любові Тарасюк, Максіма Танка, Сымона Блатуна, Леаніда Якубовіча, у якіх самыя лепшыя пачуцці і думкі звернуты да мамы, матулі, маці… Затым кожны з удзельнікаў мерапрыемства прыгадаў прыемныя моманты жыцця, звязаныя з адзінай, роднай і самай дарагой у свеце жанчынай.

Ва ўспамінах Веры Ніціеўскай маці засталасядобрай і ласкавай.  жанчынай. Разам з ёй яна наведвала кірмашы. Там заўсёды было весела і шматлюдна. Памятае яна і смачную яечню, якую гатавала маці. Час быў такі – радаваліся простай страве…

Добрым арганізатарам была матуля ў Галіны Баравік. Яна працавала ў сельскім доме культуры. Разам яны ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах. Маці настояла, каб усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Вельмі добрага смаку было сала, якое матуля саліла ў кубле і варэнне з трускалак.

Прыгажуняй была матуля ў Зоі Сушкевіч. Яна вельмі добра спявала і танцавала. І зараз у вачах Зоі Альбертаўны стаіць незвычайнай прыгажосці яе крэпдэшынавая сукенка. Трэба сказаць, што любоў да танцаў ёй перадалася ад маці. Зоя Сушкевіч – заўзятая ўдзельніца танцавальнага гуртка “Я магу”, дзе развучваюць такія танцы, як падэспань, кракавяк, ойра-ойра…

Лідзія Манулік узгадала, што яе матуля была вельмі добрай і спагадлівай жанчынай, заўсёды ішла на дапамогу людзям, з павагай ставілася да іх і тыя адказвалі ёй тым жа.

А ў Яўгена Мшара матулю забілі немцы, калі яму быў усяго год. Таму і не памятае яе…

Васілю Шачку пашанцавала, таму што яго матуля жыве, ёй 93 гады. Жыве і яго цешча. З яго вуснаў гучалі самыя пяшчотныя і ласкавыя словы ў іх адрас.

Мерапрыемства праходзіла ў цёплай і душэўнай атмасферы. Напрыканцы сустрэчы зрабілі фота на памяць.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі