Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
06 Лістапад 2018

«Комсомол – моя судьба»

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча «Комсомол – моя судьба», якая была прымеркавана да 100-годдзя ВЛКСМ.

На яе запрасілі Людмілу Кузьмінічну  Паддубіцкую, якая са снежня 1972 года ўзначальвала Чэрвенскі райкам камсамола. На мерапрыемства прыйшлі актыўныя чытачы бібліятэкі, жыхары горада. Пачынала сваю працоўную дзейнасць, тады яшчэ Людміла Пікулік, з 1965 па люты 1969 года на пасадзе старшай піянерважатай Смілавіцкай СШ. Потым да 1972 года яна была сакратаром камітэта камсамола Смілавіцкага зоаветэрынарнага  тэхнікума. Камсамольскі лідар звярнула ўвагу на тое, што ў той час налічвалася 114 пярвічных арганізацый, а зараз у складзе БРСМ усяго 24. І ўжо адно тое, што ВЛКСМбыў узнагароджаны шасцю ордэнамі– гэта штосьці значыць. У той час краіна давярала моладзі ўсё. Так, па камсамольскіх  пуцёўках  адпраўлялі на БАМ, асваенне цалінных зямель, на розных прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах шчыравалі студэнцкіяатрады. Людміла Кузьмінічна прыгадвае той час, калі ЦК ЛКСМБ адпраўляў “Поезд дружбы” за граніцу. Кожны вагон фарміраваўся з групы камсамольцаў. Адну з такіх груп узначальвала Людміла Кузьмінічна, і адпраўляліся яны ў Венгрыю. Узгадала яна і паездку ў Югаславію, куды ехалі спачатку поездам, а затым ляцелі на самалёце. Камсамольскі лідартут кіравала цэлай групай камсамольцаў з Беларусі. Гэта быў 1977 год. Які адказны і смелы шаг кіраўніка! Людміла Кузьмінічна была дэлегатам XVIII з’езда ВЛКСМ у Крамлёўскім дварцы з’ездаў. Была яна і на ВДНГ у Маскве, тады кіраўнік вучэбна-вытворчай брыгады, вучаніца 10 класа Смілавіцккай СШ. Там яна экспанавала работу сваёй брыгады. Успамінаючы школьныя гады, яна звярнула ўвагу на тое, што выпускнікі тады былі падрыхтаваныя да жыцця. Іх вучылі, як скласці акт, перадаць  справы, напісаць аўтабіяграфію… І, калі трэба было ў той час зрабіць гераічны ўчынак, Людміла Кузьмінічна не задумалася б ні на секунду. Камсамольскі лідарвыхавана на творах Мікалая Астроўскага “Як гартаваласясталь”, Аляксандра Фадзеева “Маладая гвардыя”… Людміла Паддубіцкая прыгадвае тыя гады як самыя лепшыя ў яе жыцці. Яна вельмі рада, што прайшла такую школу жыцця. І каб можна было вярнуць яго назад, яна пражыла б гэтак жа. Трэба сказаць, што Людміла Кузьмінічна прыроджаны лідар. Глядзіш у яе вочы – а там гараць іскрынкі, яны свецяцца, як зорачкі. Можна кінуць на яе адзін толькі позірк і зразумець, што яна і зараз гатова павесці за сабой. Кажуць вочы – люстэрка душы. Глядзіш у гэта люстэрка і бачыш там 28-гадовую дзяўчыну. За актыўную работу ў камсамоле Людміла Паддубіцкая ўзнагароджана значком ЦК ВЛКСМ, а таксама Ганаровымі граматамі ЦК ВЛКСМ і ЦК ЛКСМБ.

Разам з Людмілай Кузьмінічнай у райкаме  камсамола трэцім сакратаром працавала Раіса Георгіеўна Церашонак. Яна адказвала за работу вучнёўскай моладзі. За арганізацыю работы студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі раёна Раіса Георгіеўна ўзнагароджана двумаграматамі ЦК ЛКСМБ. Прыгадала яна працу ў Чарнаўской СШ, калі настаўнічала і адказвала за рэдакцыю “Камсамольскага пражэктара”, дзе змяшчаліся артыкулы пра работу не толькі моладзі школы, але і саўгаса  імя Шчорса. Трэба сказаць, што Раіса Георгіеўна вельмі добра малявала і складала вершы. Са слязьмі на вачах успрынялі яе расповед пра тое, як у складзе “Поезда дружбы”са школьнікамі Мінскай вобласці вярталіся на Радзіму з Патсдамскай акругі (ГДР).

Узгадала той час і сакратар камсамольскай арганізацыі пярвічнага аддзялення імя Кірава саўгаса “Натальеўск” Тамара Рыгораўна Ганчарык. З 1958 па 1960 гады яна працавала загадчыцай сельскага клуба ў в. Калодзежы. Моладзь была вельмі актыўнай, асабліва хлопцы. Дапамагалі арганізоўваць самадзейнасць, ездзілі на стрэльбішча, дзе стралялі з малакалібернай вінтоўкі… Яе, як лепшага прапагандыста, адправілі на семінар прапагандыстаў камсамольскай адукацыі ў г. Мінск. За сваю працу Тамара Рыгораўна ўзнагароджана Граматай Мінскага абкама камсамола. Яна вельмі ўдзячна райкаму камсамола за тое, што па яго рэкамендацыі яна стала працаваць спачатку прадаўцом, а затым загадчыцай кніжнага магазіна ў г.Чэрвені.

У 1961 годзе на пасаду інструктара райкама камсамола прыйшоў працаваць Уладзімір Уладзіміравіч Шатэрнік. Яго рэкамендаваў першы сакратар райкама Аляксей Канстанцінавіч Каўка. Інструктар узгадвае маладзёжныя вечары, якія праходзілі раз у тыдзень па серадах у раённым клубе. На іх прысутнічалі сакратары камсамольскіх арганізацый горада і раёна, актыўная моладзь, піянерважатыя школ, старшыні піянерскіх арганізацый. Пасля афіцыйнай часткі, якая тычылася работы камсамольскіх арганізацый, заўсёды была культурная праграма. Дэманстраваўся цікавы фільм або арганізоўваліся танцы пад суправаджэнне духавога аркестра, які быў пры раённым клубе. Уладзімір Уладзіміравіч прыгадаў, што Аляксей Каўка быў ініцыятарам стварэння  маладзёжнага, хору “Скала” і курсаў, якія падрыхтоўвалі моладзь для паступлення ў ВНУ. Наведваў гэтыя курсы ў СШ№2 і сам Уладзімір Шатэрнік. Дзякуючы ведам, якія яму даў настаўнік Уладзімір Георгіевіч Дарагуж, Уладзімір Шатэрнік паступіў у інстытут народнай гаспадаркі. За сваю дзейнасць ён узнагароджаны Граматай райкама камсамола.

Прыгадаў сваю камсамольскую маладосць і Анатоль Турбал. Падчас службы ў арміі ў г.Гродна ён скончыў афіцэрскія курсы на зампаліта. І яго з Пантоннага палка вызваленым сакратаром атрада адправілі на ўборку ўраджаюва Украіну і ў Казахстан. Праца яго была адзначана па заслугах. Ад Палтаўскага абкама камсамола ён атрымаў Грамату, а ад Кустанайскага абкама камсамола, за ўборку ўраджаю на Цаліне - медаль. Камсамольская праца Анатоля Турбала прадоўжылася і тады, калі ён вярнуўся на радзіму  Быў дырэктарам раённага Дома  культуры і адначасова настаўнічаў у СШ№2.У школе яго выбралі вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі. У гэтыя гады старшынёй прафкамараённага аддзела народнай адукацыі была Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая. Менавіта дзякуючы ёй і настаўніку Барысу Краўцову на базе аддзела быў арганізаваны настаўніцкі хор, якому акампаніраваў Анатоль Сцяпанавіч Турбал.

Напрыканцы сустрэчы разам з сямейным дуэтам Анатоля і Людмілы Турбал пад акампанемент баяна спявалі песні “О тревожной молодости”, “Когда весна придёт, не знаю” з кінафільма “Весна на Заречной улице”, “Комсомольская песня” з кінафільма “Добровольцы”. Песня “Отшумели и дождь, и метелица” з кінафільма “Жестокость” прагучала ў выкананні Людмілы Турбал. Вечар прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара