Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
15 Лістапад 2018

«Пачынаецца ўсё з любві…»

«Пачынаецца ўсё з любві…» – пад такой назвай на пасяджэнні літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.

Пачалася сустрэча з верша “Памяці Жэні Янішчыц” Алены Васілевіч. Потым вельмі грунтоўна пра жыццё і творчасць асобы распавялі былыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч і Яўген Несцяровіч. Уладзімір Паўлавіч назваў Жэню палескай летуценніцай, зоркай, царыцай беларускай паэзіі. Ён ведаў яе студэнткаю, калі яны разам вучыліся ў другой палове 60-х гадоў XX стагоддзя ў БДУ. У тыя гады Яўгенія нічым не вызначалася, яны жылі ў адным інтэрнаце, хадзілі па адных і тых жа вуліцах. Яе апекунамі былі выкладчыкі Алег Лойка і Ніл Гілевіч. Тэмы, якія закранала юбілярка ў сваёй творчасці – гэта бацькоўскі край, дзяцінства, каханне, лёс землякоў і аднавяскоўцаў… Уладзімір Адамовіч назваў на яго думку тры прычыны, па якіх так рана пайшла з жыцця Жэня. Ёй было ўсяго 40 гадоў. Вельмі пранікнёна гучалі паэтычныя творы Яўгеніі з вуснаў Уладзіміра Паўлавіча. Адзін з іх – “Ты пакліч мяне, пазаві…”

Сябра клуба Яўген Антонавіч прачытаў вершы Генадзя Бураўкіна, Сяргея Грахоўскага і Ніны Мацяш, прысвечаныя Жэні Янішчыц. Ён узгадаў, як ацэньваў творчасць паэткі пісьменнік Анатоль Грахоўскі. Яўген Несцяровіч расказаў пра творчую майстэрню маладых паэтаў БДУ “Узлёт”, якой кіраваў Алег Лойка. Прадэманстраваў першы паэтычны зборнік з аўтографам Жэні “Снежныя грамніцы”, які захоўваецца ў асабістай бібліятэцы, дзякуючы дачцэ Іне.

З задавальненнем актыўныя ўдзельнікі клуба Васіль Шачок, Зоя Сушкевіч, Аляксандра Макатовіч, Людміла Чаркоўская, Марыя Чаган, Сафія Картавусава, Галіна Баравік і Раіса Церашонак чыталі паэтычныя творы Яўгеніі Янішчыц.

Напрыканцы сустрэчы ўсе з замілаваннем праслухалі на словы паэтэсы запісы песень “Якая я” і “Ты пакліч мяне, пазаві…” у выкананні Таццяны Беланогай і Эдуарда Акуліна.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 ДУК “Чэрвенская цэнтральная раённая бібліятэка”

Фота аўтара.