Удзельнікі гасцёўні даведаліся пра асноўныя жыццёвыя вехі паэта. Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельская вобласці. Сам паэт лічыў сябе “узрыўным, вогненным” і тлумачыў гэта цікавым фактам: калі маці яго была цяжарная, яна, дапамагаючы суседцы надвячоркам падліць газы ў запаленую лямпу, з-за неасцярожнасці ўчыніла пажар і абгарэла. У тую ж ноч і нарадзіўся Анатоль.
Школьнікам захапляўся літаратурай, гісторыяй, асабліва цікавіўся раскопкамі старажытнага гарадзішча ў роднай вёсцы. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяжаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Пасля службы ў войску связістам у Польшчы працаваў у Веткаўскай раённай газеце “Перамога Кастрычніка”. У 1985 годзе пераехаў у Мінск, дзе працаваў старшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Пасля выхаду ў друк другога зборніка вершаў “Пан лес” з-за хваробы на страўнік Анатоль звольніўся з работы і жыў на пенсію. Сям’і у яго не было.
Анатоль пражыў усяго 45 гадоў, але пакінуў нашчадкам свой самы лепшы скарб – вершы.
Усё, што было напісана ім да службы ў войску, паэт спаліў. У войску ён напісаў першы сборнік вершаў “Агмень”, у які увайшлі і дзве паэмы.
Пры жыцці паэта выйшлі тры кнігі: “Агмень”, “Пан лес” і “Сыс”. Пазней пабачылі свет кнігі: “Лён”, “Аlaiza” і “Берагі майго юнацтва”.
Як значыцца ў энцыкоапедыі “Беларускія пісьменнікі”, Анатоль Сыс “…паэт шчыры, адкрыты, эмацыянальны, патрабавальны да свайго паэтычнага радка, не церпіць пустазвону і шэрасці ў паэзіі…”
У 80-я гады паэт быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых пісьменнікаў “Тутэйшыя”. Перыяд яго найбольшай плённай творчасці прыпаў на канец 1980-х – пачатак 1990-х. У выкананні сяброў клуба “Ветразь” – Сафіі Картавусавай, Ганны Чуган, Тамары Ганчарык, Алены Шульгі, Марыі Чаган, Наталлі Жданок і Веры Хаткевіч прагучалі паэтычныя творы юбіляра.
Свае меркаванні наконт творчасці паэта выказалі Уладзімір Адамовіч і Генадзь Аўласенка.
У выкананні Касі Камоцкай прагучаў запіс песні на словы Анатоля Сыса “Мая белая лебедзь”.
У рубрыцы “Наш каляндар” прыгадалі паэта Алеся Ставера: у гэтым годзе споўнілася 90 гадоў з дня яго нараджэння. Пра жыццёвы і творчы шлях паэта распавялі бібліятэкары. Прысутныя даведаліся, што словы ўсім вядомай песні “Жураўлі на Палессе ляцяць” паэт напісаў у Грузіі. Паэтычныя радкі “Што ім тыя пагоды паўднёвыя! Што ім пышны платанавы рай, калі клічуць іх далі сасновыя і азёрны рабінавы край” нарадзіліся , калі аўтар іх спяшаўся на вакзал вяртацца дамоў. Яшчэ адна цікавая звестка – Алесь Ставер і паэт Юрась Свірка – стрыечныя браты.
Смерць паэта была нечаканай. У дзяцінстве Алесь марыў стаць шафёрам. Але стаў паэтам. Машыны ён любіў заўсёды, ён іх меў і сам вадзіў. Часта вазіў сваіх калег-пісьменнікаў… Аднойчы машына, якой ён кіраваў, трапіла ў аварыю. Паэт загінуў ва ўзросце 65 гадоў.
У выкананні сямейнага дуэта Людмілы і Анатоля Турбал прагучалі песні на словы Алеся Ставера: “Беларусачка” і “А мне у шчасце верыцца”. Самадзейныя артысты былі ўзнагароджаны бурнымі апладысментамі.
Святлана ЖДАНОВІЧ