У ЖКГ працуе сэрвісны студэнцкі атрад «Ігумень». Ён складаецца з навучэнцаў прафесійнага будаўнічага ліцэя. Хлопцы самі абралі гэты кірунак працы, таму што ён ім быў цікавы. Чысты горад - хто ж пра гэта не марыць! І вось дзесяць чалавек ужо другі тыдзень прыбіраюць і добраўпарадкоўваюць тэрыторыю нашага роднага Чэрвеня. Як адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Наталля Семянюк, гэта ўжо другі студатрад ліцэістаў, які працуе гэтай восенню: «Развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў - прыярытэт у выхаванні моладзі, так як прыцягвае да працы, вучыць прыносіць карысць грамадству, развівае прафесійныя і кіраўнічыя якасці».
Маладзёжны лідар раёна падзякавала кіраўніцтву Чэрвеньскага ЖКГ і ПМК-237 за супрацоўніцтва, якое дало дзецям магчымасць зарабіць, што для іх немалаважна. Хлопцам падабаецца наводзіць чысціню, але ім таксама вельмі хацелася б, каб на прыбраных імі вуліцах, дварах і тратуарах не з'яўлялася новае смецце. Праца атрада хутка скончыцца. А павага да чужой працы і свайму ўласнаму гораду хай застанецца.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Наталлі Семянюк

