- Пачатак паездкі на мітынг успамінаецца з непрыемнымі пачуццямі. Калі мы садзіліся ў аўтобус, сапернікі палітыкі Прэзідэнта выказвалі нам пагарду і фатаграфавалі праз вокны. Ужо ў Мiнску я спрабавала паразмаўляць з людзьмі іншых поглядаў, растлумачыць ім, што ўсе мы - беларусы, і нам няма чаго дзяліць. Але ў адказ пачула крыўдныя словы, сярод якіх «калгаснікі» было самае прыстойнае.
Амаль гадзіну людзі выступалі на мітынгу. Перад гэтым былі чуткі, нібыта кіраўнік дзяржавы пакінуў краіну. І раптам аб'яўляюць, што Прэзідэнт тут, з намі. Многія плакалі. Гэта, мусіць, было пераломным момантам у тыя няпростыя дні.
З выступу Аляксандра Рыгоравіча добра запомніла, як ён казаў пра перспектыву вяртання ў мінулае, калі ўсё абрынецца. Я і людзі майго пакалення добра разумелі, пра што гаворка, таму што перажылі ліхія дзевяностыя. Дзякуй Богу, гэтага не здарылася. Час усё расставіў на свае месцы.

